Мінск 16:38

Беларусь адкрые амбасаду пры Святым Пасадзе

Базіліка св. Пятра ў Ватыкане
Ілюстрацыйнае фота: Benjamin Fay / unsplash.com

24 снежня, Позірк. Беларусь да 1 верасня 2025 года адкрые амбасаду пры Святым Пасадзе, вынікае з пастановы Савета міністраў № 988 ад 20 снежня 2024 года.

Згодна з дакументам, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале ў напярэдадні Калядаў (Багатая куцця), 24 снежня, Міністэрству фінансаў даручана прафінансаваць гэты працэс “у рамках сродкаў, прадугледжаных Міністэрству замежных спраў у рэспубліканскім бюджэце на адкрыццё і ўтрыманне дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі за мяжой”.

У верасні пасаду апостальскага нунцыя ў Беларусі пакінуў арцыбіскуп Антэ Ёзіч, новы амбасадар Святога Пасаду пакуль не прызначаны.

Незадоўга да завяршэння сваёй кадэнцыі, у канцы ліпеня, Ёзіч заявіў у інтэрв’ю харвацкаму каталіцкаму медыя glas-koncila.hr, што Святы Пасад падтрымлівае дыпламатычныя стасункі з Беларуссю “нават у гэтыя крызісныя моманты”. Такім чынам ён адказаў на пытанне, наколькі пазіцыя захавання дыпламатычных зносін “спрыяе пошуку рашэння” ў сітуацыі, “калі многія заходнія краіны ўвялі эканамічныя санкцыі супраць Беларусі”.

Паводле слоў дыпламата, Святы Пасад лічыць, што “рашэнні палітычнага характару” мусяць быць знойдзеныя толькі “шляхам перагавораў”, заснаваных на “павазе да ўсіх удзельнікаў і на строгім датрыманні міжнароднага права”. Святы Пасад, дадаў ён, не падтрымлівае ідэю эканамічных санкцый, таму што яны “закранаюць усіх у роўнай ступені”, ад іх “больш за ўсё церпяць тыя, хто слабыя і найбольш маюць патрэбу ў дапамозе”.

“Маленькая Беларусь шукае сваю ідэнтычнасць на мапе буйных сусветных гульцоў. На чыім яна будзе баку, таксама залежыць ад таго, як да яе будуць ставіцца навакольныя”, — сказаў Ёзіч.

У сваю чаргу беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра блізкасць пазіцый Мінска і Ватыкана. Шэраг экспертаў мяркуе, што рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае кантакты са Святым Пасадам для наладжвання дыялогу з Захадам у цэлым.

Дыпламатычныя стасункі Беларусі са Святым Пасадам усталяваныя 11 лістапада 1992 года.

Аляксандр Лукашэнка двойчы наведваў Ватыкан. У красавіку 2009 года ён сустракаўся з папам рымскім Бенедыктам XVI, у траўні 2016-га — з папам Францішкам.

17 снежня 2024 года Лукашэнка, віншуючы Францыска з 88-годдзем, чарговы раз запрасіў яго наведаць Беларусь. Фактычна кіраўнік Святога Пасаду не можа прыехаць праз негалоснае правіла — папа не наведвае краіны, дзе дамінуе іншая канфесія ці рэлігія, без згоды адпаведнага рэлігійнага лідара. У выпадку Беларусі, якая лічыцца краінай з праваслаўнай большасцю, гаворка пра патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы згоду на візіт не даваў.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стасункі дзяржавы і касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі.

Паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з 1 верасня 2020 года па 30 лістапада 2024-га рэпрэсіі ў той ці іншай форме зазналі 86 хрысціянскіх служыцеляў, у тым ліку 31 прадстаўнік Рымска-каталіцкага касцёла і 5 — Беларускай грэка-каталіцкай царквы.

Некаторыя былі вымушаныя пакінуць краіну, асобныя знаходзяцца ў няволі ў рамках палітычна матываваных крымінальных спраў і прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі.

Падзяліцца: