Мінск 07:20

Член Савета Рэспублікі раскрытыкаваў “цёмныя схемы”, што ўзніклі ў гандлі праз рэгуляванне цэн

Ілюстрацыйнае фота: 1prof.by

24 снежня, Позірк. Рэгуляванне цэн у сучасным выглядзе “значна вычарпала сябе”, заявіў член пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Андрэй Сідараў на форуме “Прадпрымальніцтва ў сучаснай сацыяльнай дзяржаве” 21 лістапада ў Мінску.

Асноўныя тэзісы яго выступу прыводзіць часопіс “Фінансы. Улік. Аўдыт”.

“Не рэагаваць было немагчыма на факты, падобныя да званка ад дырэктара Аршанскага цяплічнага камбіната, які скардзіўся: “Дапамажыце, у мяне паніка, не магу нікуды збыць агуркі па 1,2 рубля, калі ў “Еўраопце” яны каштуюць больш за пяць рублёў”, — сказаў ён.

Паводле слоў Сідарава, гандлёвым сеткам ва ўмовах існуючага механізма рэгулявання цэн больш выгадна “браць тавар з-за мяжы на рэалізацыю даражэй, бо тады маржынальнасць і надбаўка вышэйшая”: “Яны проста не зацікаўленыя ў таннай мясцовай гародніне”.

Член СР НС дапусціў, што “тут ёсць крымінальны складнік у дзейнасці”.

Ён сцвярджае, што для абыходу абмежаванняў шмат хто стаў займацца рээкспартам, увозячы на тэрыторыю краіны “беларускія жа тавары па высокіх цэнах”.

“Выклікае асаблівае шкадаванне ўдзел у цёмных схемах сельскагаспадарчых тавараў. Амаль уся гародніна і прадукты харчавання з вёскі паступаюць на паліцы праз “пасярэднікаў”, — заявіў Сідараў.

Ён прапанаваў “пакінуць рэгуляванне цэн толькі на сацыяльна значныя тавары”: “У выпадку зацягвання з прыняццем наспелых змяненняў цяжка ўявіць аб’ём негатыўных наступстваў. Мы на вачах губляем рознічныя сеткі, бачым спыненне дзейнасці айчынных магазінаў і скарачэнне наменклатуры тавараў. Пакутуюць і вытворцы. У стратах сядзяць і не могуць нармальна функцыянаваць як дзяржаўныя, так і прыватныя кампаніі”.

Паводле старшыні бізнес-асацыяцыі “БСП-прам” Аляксандра Калініна, малыя арганізацыі з колькасцю занятых да 100 чалавек “увогуле не павінны падпадаць пад рэгуляванне цэн”.

Сустаршыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Віктар Маргелаў выказаўся за спыненне рэгулявання цэн для малога і сярэдняга бізнесу, бо ён “не з’яўляецца вядучым фарміравальнікам цэн”: “Іх вызначаюць буйныя сеткі, якія забяспечваюць 70–80% усяго таваразвароту”.

Дзяржрэгуляванне цэн было ўзмоцнена з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі, які 6 кастрычніка 2022 года падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту цэн”.

Пастановай урада ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 было ўведзена рэгуляванне цэн на тавары ўсёй спажывецкай карзіны. Пазней некаторыя групы тавараў былі выключаныя з гэтага пераліку, падкарэктаваныя правілы рэгулявання цэнаў.

Пастанова ўрада ад 16 кастрычніка № 713(5) увяла з 21 кастрычніка 2024 года да траўня 2025 года гранічныя максімальныя адпускныя цэны, а з 29 кастрычніка 2024 года да траўня 2025-га — гранічныя максімальныя рознічныя цэны на свежыя агуркі, яблыкі, цыбулю, бульбу харчовую, капусту белакачанную, буракі сталовыя, моркву, за выключэннем мытых.

Таксама рэгуляванне коштаў датычыцца пастаўшчыкоў і вытворцаў.

Пастанова № 713 можа быць адмененая “ў недалёкай будучыні”, заявіў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў на пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры ўрадзе 31 кастрычніка.

Паводле Белстата, спажывецкія цэны ў лістападзе 2024 года выраслі на 0,3%, з пачатку года — на 4,6%, за 12 месяцаў (лістапад да лістапада) — на 5,5%.

Улады разлічваюць па выніках 2024 года ўтрымаць інфляцыю ў межах 6%, у 2025 годзе — 5%.

55-гадовы Сідараў — генеральны дырэктар прыватнага вытворча-гандлёвага прадпрыемства УП “Вітбудтэхмаш” (Віцебск, вытворца пад’ёмнікаў, сельскагаспадарчай і іншай тэхнікі). Перад прэзідэнцкімі выбарамі ўдзельнічае ў прапагандысцкіх мерапрыемствах, вынікае з інфармацыі прэс-службы СР НС.

Падзяліцца: