Мінск 18:36

Намеснік амбудсмена Польшчы раскрытыкаваў буферную зону на мяжы з Беларуссю

24 снежня, Позірк. Няма ніякіх прыкмет таго, што рашэнне аб усталяванні буфернай зоны на мяжы з Беларуссю зменшыла колькасць нелегальных перасячэнняў гэтай мяжы, у той жа час яно ўскладніла аказанне гуманітарнай дапамогі мігрантам, якія захраслі ў зоне. Такая заява, паводле інфармацыі TVP World, утрымліваецца ў лісце намесніка амбудсмэна Польшчы Валерыя Вачава (ураджэнец Балгарыі) на адрас намесніка міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацея Душчыка.

“Зразумела, што забеспячэнне бяспекі на мяжы з’яўляецца прыярытэтам, аднак неабходна таксама, каб абмежаванні ўводзіліся (…) у адпаведнай форме і (…) з захаваннем правоў і свабод асоб, якіх датычацца гэтыя меры”, — прыводзіць TVP World урывак з ліста.

Адзначаецца, што Вачаў згадаў заўвагі амбудсмэна Марціна Вёнцэка, паводле якіх пастанова аб стварэнні буфернай зоны можа патэнцыйна парушыць асноўныя канстытуцыйныя правы, у тым ліку свабоду перамяшчэння, пражывання, сходаў, доступу да інфармацыі і яе распаўсюджвання, а таксама права на прадпрымальніцкую дзейнасць.

Паколькі пастанова была ўведзеная ў сувязі з працяглым міграцыйным ціскам на мяжы Польшчы з Беларуссю і агрэсіўнымі паводзінамі нелегальных мігрантаў у адносінах да польскіх праваахоўнікаў, Вачаў папрасіў МУС прадставіць звесткі пра колькасць падобных інцыдэнтаў, зафіксаваных у памежнай буфернай зоне з 11 верасня да 9 снежня 2024 года (другія 90 дзён функцыянавання зоны. — “Позірк”.).

Адзначаецца, што ён таксама папрасіў паведаміць колькасць дазволаў на ўезд у буферную зону, асабліва тых, якія былі выдадзены журналістам, а таксама асобам і арганізацыям, якія аказваюць гуманітарную дапамогу.

10 снежня набыла моц пастанова аб падаўжэнні яшчэ на 90 дзён функцыянавання буфернай зоны на мяжы з Беларуссю.

На думку Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, буферная зона сябе апраўдала: за амаль 180 дзён яе працы колькасць спробаў нелегальнага перасячэння польска-беларускай мяжы скарацілася “прыкладна на 41%”.

Сёлета з 13 чэрвеня (увядзенне буфернай зоны) па 5 снежня зафіксавана амаль 11,2 тыс. такіх спроб, тады як за аналагічны перыяд да ўвядзення зоны іх было больш за 19 тыс., паведаміла МУС.

Ведамства падкрэсліла, што ў першую чаргу буферная зона заклікана змагацца з кантрабандыстамі, якія перапраўляюць людзей праз мяжу. Адзначалася, што з 1 студзеня па 5 снежня гэтага года па ўсёй краіне супрацоўнікі Памежнай службы прад’явілі абвінавачанні ў арганізацыі і садзейнічанні нелегальнай міграцыі 585 асобам, сярод якіх грамадзяне Украіны (274), Польшчы (82), Беларусі (50) і Грузіі (30). У дачыненні да 153 чалавек абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

Буферная зона пачала дзейнічаць на польска-беларускай мяжы 13 чэрвеня, першапачатковы тэрмін складаў 90 дзён, потым ён быў двойчы падоўжаны на той жа перыяд.

Міграцыйны крызіс на граніцы Беларусі і краін ЕС доўжыцца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

За 22 дні снежня гэтага года Польшча прадухіліла 563 спробы нелегальнага пранікнення мігрантаў з тэрыторыі Беларусі, за аналагічны перыяд мінулага года — 309 (рост на 82,2%), з пачатку 2024 года па 22 снежня — 29.867, за аналагічны перыяд 2023 года — 25.409 (рост на 17,5%), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз звестак Польскай памежнай службы.

Падзяліцца: