Мінск 22:40

Пашынян праігнаруе нефармальны саміт СНД, дзе чакаюць Лукашэнку

Фота: прэс-служба ўрада Арменіі

25 снежня, Позірк. Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян не будзе ўдзельнічаць у нефармальным саміце СНД, які пройдзе 25 снежня ў курортным комплексе “Ігора” пад Санкт-Пецярбургам.

Пра гэта палітык паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.

Паводле слоў Пашыняна, 23 снежня ён здаў станоўчы тэст на COVID-19, з-за чаго два дні правёў у ізаляцыі, працуючы з дому.

25 снежня армянскі прэм’ер “вярнуўся ў нармальны рэжым”, бо тэставанне паказала адсутнасць каранавіруса ў яго арганізме.

Тым не менш Пашынян паведаміў аб адмове ад удзел у саміце СНД. Пры гэтым ён не выключае прыезду на саміт Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), які пройдзе ў комплексе “Ігора” 26 снежня. Рашэнне аб гэтым ён паабяцаў прыняць “да канца дня”.

Чакаецца, што на самітах будзе прысутнічаць Аляксандра Лукашэнка.

У Арменіі напружаныя адносіны з Мінскам. 13 чэрвеня 2024 года Пашынян заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе знаходзіцца Лукашэнка. Кіраўнік армянскага ўрада сказаў пра гэта ў кантэксце заяў Лукашэнкі аб карабахскім канфлікце на сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня.

Афіцыйны Мінск актыўна выбудоўвае адносіны з Азербайджанам, які фактычна з’яўляецца праціўнікам Арменіі — саюзніка Беларусі па Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ).

З 2023 года Арменія ігнаруе мерапрыемствы АДКБ. 23 лютага стала вядома, што Ерэван замарозіў удзел у арганізацыі. Паводле слоў Пашыняна, рашэнне прынятае праз адсутнасць “належнай рэакцыі” АДКБ на “замежную агрэсію на межы суверэннай Арменіі ў 2021 і 2022 гадах”.

12 чэрвеня прэм’ер абвінаваціў асобных членаў АДКБ у тым, што яны “планавалі вайну” супраць Арменіі разам з Азербайджанам.

На II Сусветным армянскім саміце 18 верасня ў Ерэване Пашынян заявіў, што АДКБ стварае “пагрозы бяспецы”, а таксама “будучаму існаванню, суверэнітэту і дзяржаўнасці” Арменіі.

Падзяліцца: