Мінск 03:27

Грамадзян Беларусі не было сярод пасажыраў самалёта, які пацярпеў крушэнне ў Казахстане

Скрыншот: tengrinews.kz

25 снежня, Позірк. Беларускіх грамадзян не было ў самалёце азербайджанскай авіякампаніі AZAL, які пацярпеў крушэнне каля горада Актау (Казахстан).

Гэта вынікае з паведамлення Міністэрства транспарту Казахстана.

Са спасылкай на “азербайджанскі бок” ведамства паведамляе, што на борце знаходзілася пяць членаў экіпажа і 62 пасажыры: 37 грамадзян Азербайджана, 16 — Расіі, 6 — Казахстана 3 — Кыргызстана.

Самалёт накіроўваўся па маршруце Баку (Азербайджан) — Грозны (РФ).

Раней СМІ паведамілі, што, паводле папярэдніх даных, борт сутыкнуўся ў небе са зграяй птушак, з-за чаго пілоты здзейснілі аварыйную пасадку.

Адзначалася, што выжылі не менш за 28 чалавек, дзясяткі пасажыраў шпіталізаваныя. Звестак аб загінуўшых не паступала.

Паводле даных РІА “Навіны”, прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў з-за авіякатастрофы тэрмінова вылецеў у Баку з Санкт-Пецярбурга, куды прыбыў для ўдзелу ў нефармальным саміце СНД.

Раней паведамлялася, што ў саміце не будзе ўдзельнічаць прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян.

25 снежня ў Санкт-Пецярбург адправіўся Аляксандр Лукашэнка. Ён плануе прыняць удзел як у саміце СНД, так і ў саміце Еўразійскага эканамічнага саюза (пройдзе 26 снежня).

Падзяліцца: