Мінск 03:27

Лукашэнка выказаў спачуванні Аліеву ў сувязі з крушэннем самалёта ў Казахстане

Фота: orda.kz

25 снежня, Позірк. Спачуванні прэзідэнту Азербайджана Ільхаму Аліеву ў сувязі з крушэннем пасажырскага самалёта авіякампаніі AZAL каля горада Актау (Казахстан) выказаў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі “гэтую вестку ўспрынялі з пачуццём глыбокага болю і смутку”.

“Беларусы падзяляюць цяжар спасціглай брацкі народ Азербайджана бяды і гора незаменных страт”, — гаворыцца ў спачуванні.

Самалёт азербайджанскай авіякампаніі пацярпеў крушэнне 25 снежня, ён накіроўваўся па маршруце Баку (Азербайджан) — Грозны (Расія). Паводле ўдакладненых звестак, борт трапіў у густы туман, праз што быў перанакіраваны ў Махачкалу. Пазней адбылося сутыкненне са зграяй птушак, якое стала прычынай аварыі.

Паведамляецца, што на борце было 69 чалавек, уключаючы пецярых членаў экіпажа. Выжыла 29.

Паводле інфармацыі МНС Азербайджана, усе члены экіпажа загінулі. Колькасць ахвяр сярод пасажыраў не паведамляецца.

Раней адзначалася, што сярод пасажыраў рэйса не было грамадзян Беларусі.

Пасля авіякатастрофы Аліеў тэрмінова вылецеў у Баку з Санкт-Пецярбурга, куды прыбыў для ўдзелу ў нефармальным саміце СНД.

Як паведамлялася, у саміце не будзе ўдзельнічаць прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян.

25 снежня ў Санкт-Пецярбург адправіўся Лукашэнка. Ён плануе прыняць удзел як у саміце СНД, так і ў саміце Еўразійскага эканамічнага саюза (пройдзе 26 снежня).

Падзяліцца: