Мінск 16:46

МЗС Сербіі падзякавала Беларусі за “прынцыповую пазіцыю” па пытанню цэласнасці краіны

Фота: прэс-служба ўрада Сербіі

26 снежня, Позірк. Падзяку “за прынцыповую пазіцыю па пытанні тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Сербіі” выказаў беларускім і расійскім дыпламатам кіраўнік сербскага МЗС Марка Джурыч.

Паводле інфармацыі прэс-службы ўрада Сербіі, 25 снежня ў Бялградзе на сустрэчы амбасадарам Беларусі Сяргеем Маліноўскім і кіраўніком дыпмісіі РФ Аляксандрам Бацан-Харчанкам сербскі міністр падкрэсліў важнасць падтрымкі з боку Мінска і Масквы ў міжнародных арганізацыях, калі гаворка ідзе пра Аўтаномны край Косава і Метохія.

Паведамляецца, што бакі абмеркавалі “найважнейшыя аспекты двухбаковых стасункаў Сербіі з Расіяй і Беларуссю, палітычную і эканамічную сітуацыю ў рэгіёне Заходніх Балкан, а таксама актуальныя геапалітычныя тэмы”.

Беларусь у ліку каля 60 краін, якія не прызнаюць незалежнасць Рэспублікі Косава. Каля 120 дзяржаў свету лічаць яе незалежнай краінай. Косава ўтворана на тэрыторыі, якая, паводле Канстытуцыі Сербіі, уваходзіць у склад краіны як Аўтаномны край Сербія і Метохія. Дэ-факта Бялград не кантралюе Косава.

У 2021 годзе Сербія далучыўся да санкцый ЕС супраць Мінска, пасля расійскага ўварвання ва Украіну падтрымала наступныя пакеты абмежаванняў. Напрыканцы студзеня 2022 года беларускі ўрад распаўсюдзіў на Бялград прадуктовае эмбарга, уведзенае ў адказ на санкцыі. Яно падоўжанае да канца 2024 года.

Пры гэтым Сербія 25 кастрычніка 2019 года падпісала пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з Еўразійскім эканамічным саюзам, у які ўваходзіць Беларусь. Дакумент набыў моц 10 ліпеня 2021 года.

У Сербіі быў затрыманы, змешчаны ў следчы ізалятар, а пасля доўгі час знаходзіўся пад хатнім арыштам беларускі рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст і сузаснавальнік прызнанага ў Беларусі “экстрэмісцкім фарміраваннем” аб’яднання SOS.by Андрэй Гнёт. 31 кастрычніка стала вядома пра яго вызваленне, мужчына пакінуў Сербію.

Падзяліцца: