Мінск 05:07

У 2024 годзе мытня канфіскавала шэсць адзінак зброі, амаль 1,2 тыс. адзінак боепрыпасаў і іх складнікаў

Ілюстрацыйнае фота: Kasper Gant / unsplash.com

27 снежня, Позірк. Мытныя органы Беларусі ў 2024 годзе канфіскавалі шэсць адзінак зброі, 363 адзінкі боепрыпасаў і 797 адзінак складаных частак боепрыпасаў да агнястрэльнай зброі, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Па “выкрытых незаконных дзеяннях у дачыненні да зброі і боепрыпасаў” распачата 16 крымінальных спраў.

Ведамства згадала пра адзін эпізод. У сакавіку грамадзянін Расіі спрабаваў правезці праз Беларусь у Еўрасаюз аўтамат АКС-74У з двума магазінамі, пісталет Reck, прыбор для бясшумнай стральбы, а таксама патроны калібра 5,45 мм.

Паведамляецца, што пазней мужчыну дадаткова абвінавацілі ў незаконным абароце наркатычных сродкаў і асудзілі на 18,5 года пазбаўлення волі, ён таксама быў аштрафаваны.

“Спробы перамяшчэння праз мяжу зброі і боепрыпасаў з парушэннем вызначанага парадку не адзінкавыя, нягледзячы на крокі, якія робяцца для іх утойвання, вінаватыя асобы выяўляюцца і прыцягваюцца ў краіне да крымінальнай адказнасці”, — падкрэслівае Генпракураура.

Паводле інфармацыі ведамства, “падобныя факты распаўсюджаныя сярод грамадзян іншых дзяржаў, перш за ўсё Расійскай Федэрацыі, якія не ўлічваюць абмежаванні на такія дзеянні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

Закон “Аб зброі”, нагадала пракуратура, кажа, што на тэрыторыі Беларусі забаронены абарот траўматычных патронаў і агнястрэльнай зброі траўматычнага дзеяння ў якасці службовай і грамадзянскай зброі. Выключэнне — выпадкі, калі іх транзітам перамяшчаюць праз мытную мяжу ЕАЭС “з дазволу органаў унутраных спраў”. За невыкананне гэтай нормы прадугледжана крымінальная адказнасць.

Падзяліцца: