Мінск 06:04

МУС персаналізавала “экстрэмісцкае фарміраванне” KYKY.ORG

Крыніца: сацсеткі KYKY

27 снежня, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў 26 снежня персаналізавала групу асоб, якія маюць дачыненне да “экстрэмісцкага фарміравання” KYKY.ORG, вынікае з абноўленага пераліку на сайце ведамства.

Цяпер у спісе фігуруюць Аляксандра Раманава і Глеб Сямёнаў.

МУС прызнала медыя KYKY.ORG “экстрэмісцкім фарміраваннем” 6 траўня 2022 года. На той момант, паводле пераліку, з ім звязвалі сайт kyky.org, тэлеграм-каналы “Кулуары KYKY” ды TELL KYKY, старонкі kyky_org у “Інстаграме”, KYKY.ORG у “Фэйсбуку” ды “Твітары” (цяпер Х). Імёны не называліся, склад “фарміравання” вызначалі як “групу грамадзян”, аб’яднаных згаданымі рэсурсамі.

Цяперашняе рашэнне ведамства не толькі персаналізуе “фарміраванне”, але таксама змяняе склад. Цяпер у яго, на думку МУС, таксама ўваходзіць “група грамадзян з ліку кіраўнікоў, адміністратараў і актыўных удзельнікаў” акаўнта kykyorg у “ЦікТоку”, ютуб-канала “Совсем KYKY” і старонкі publishersasha ў “Інстаграме”.

KYKY.ORG пазіцыянаваў сябе як “разумны лайфстайл-часопіс”. Выходзіў з 2010 года, сайт не абнаўляецца ад пачатку 2024-га. Сайт і сацсеткі праекта ў снежні 2022 года прызнаныя “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

Выдавец KYKY.ORG і The Village Аляксандр Васілевіч быў затрыманы 28 жніўня 2020 года. 4 лютага 2022-га суд Савецкага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым у нявыплаце падаткаў (арт. 243 КК) і прыгаварыў да 3 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Васілевіча вызвалілі ў залі суда, паколькі “скончыўся тэрмін прыцягнення да адказнасці”. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

10 кастрычніка 2020 года Васілевіч удзельнічаў у сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, які прыехаў у следчы ізалятар КДБ.

Васілевіч пакінуў Беларусь улетку 2022 года.

12 снежня 2022 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў “экстрэмісцкімі” кантэнт сайта The Village і ўсіх яго старонак у сацсетках. Медыя спыніла працу ўлетку 2023-га.

Сёлета 26 снежня Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавала агляд, паводле якога ў 2024-м 35 медыя былі прызнаныя “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”.

Падзяліцца: