Мінск 10:37

Прэзідэнт Літвы: Грузія рызыкуе паўтарыць беларускі сцэнар

Крыніца: сацыяльныя сеткі Гітанаса Наўседы

27 снежня, Позірк. Грузію можа чакаць лёс Беларусі. Такое меркаванне выказаў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа 27 снежня падчас тэлефоннай размовы з пятым прэзідэнтам гэтай каўказскай краіны Саламэ Зурабішвілі.

Наўседа, як паведамляе яго прэс-служба, выказаў занепакоенасць палітычнай сітуацыяй у Грузіі і магчымым ростам напружанасці.

Паводле яго слоў, нягледзячы на шырокую падтрымку сяброўства ў ЕС сярод жыхароў краіны, урад Грузіі “рухаецца ў кірунку, процілеглым імкненням дэмакратычнага грамадства“.

Працяглыя вулічныя дэманстрацыі ў краіне ён звязаў з пратэстам маладых грамадзян, якія “звязваюць сваю будучыню з Еўрапейскім саюзам“.

Наўседа назваў рашэнне ўрада Грузіі прыпыніць перамовы аб уступленні ў ЕС “балючым ударам па еўраінтэграцыйных памкненнях краіны“.

На яго думку, гэты крок “відавочна супярэчыць дэмакратычным каштоўнасцям жыхароў Грузіі і адпавядае інтарэсам Расіі“.

Паводле Наўседы, голас грамадзян і іх нязгода з гэтымі радыкальнымі рашэннямі ўрада і паказваюць на тое, што парламенцкія выбары ў краіне не былі цалкам свабоднымі і справядлівымі. “Грузія рызыкуе паўтарыць беларускі сцэнар“, — адзначыў прэзідэнт. Ён таксама падкрэсліў, што Літва цвёрда падтрымлівае заклік ЕС да ўладаў Грузіі правесці новыя выбары.

Грамадска-палітычны крызіс у Грузіі разгарэўся пасля парламенцкіх выбараў 26 кастрычніка. Кіруючая партыя “Грузінская мара“, паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, атрымала 89 з 150 дэпутацкіх месцаў. Апазіцыйныя сілы абвінавацілі палітычных канкурэнтаў у фальсіфікацыях і не прызналі вынікі выбараў. Партыі “Кааліцыя за змены“, “Моцная Грузія“ і “Адзінства — Нацыянальны рух“, якія прайшлі ў парламент, адмовіліся агулам ад 49 дэпутацкіх мандатаў (партыя “За Грузію“ такога кроку не зрабіла, але выбары таксама не прызнала).

Зурабішвілі і апазіцыя лічаць дзейнасць цяперашняга парламента неканстытуцыйнай. З першага пасяджэння новага складу 25 лістапада (удзел у пасяджэннях прымаюць толькі дэпутаты ад кіруючай партыі) у Тбілісі і іншых гарадах штодзённа адбываюцца акцыі пратэсту.

28 лістапада прэм’ер-міністр Іраклі Кабахідзэ — былы старшыня “Грузінскай мары“ — абвясціў аб рашэнні замарозіць перамовы аб уступленні краіны ў ЕС да 2028 года. Гэта заява выклікала новую хвалю пратэстаў, якія ўлады пачалі жорстка падаўляць.

Супраць фактычнай адмовы ад еўрапейскага вектара развіцця Грузіі выступілі ў тым ліку некаторыя прадстаўнікі ўладных структураў, некаторыя на знак пратэсту звольніліся.

14 снежня Міхаіл Кавелашвілі быў абраны прэзідэнтам Грузіі. У той жа дзень яго павіншаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кавелашвілі быў адзіным кандыдатам на пост прэзідэнта, яго вылучыла кіруючая партыя “Грузінская мара“, якая была абвешчана пераможцам на спрэчных парламенцкіх выбарах у кастрычніку.

Упершыню за гісторыю незалежнасці Грузіі прэзідэнт быў абраны не агульным галасаваннем, а праз калегію выбаршчыкаў (у яе склад уваходзіла 300 чалавек — 150 парламентарыяў, 109 членаў органаў мясцовага самакіравання, 21 дэпутат Вярхоўнага савета Аджарыі і 20 прадстаўнікоў Вярхоўнага савета Абхазіі).

Кавелашвілі атрымаў 224 галасы выбаршчыкаў з 225, якія ўдзельнічалі ў галасаванні (пры парозе 200 галасоў). Варта адзначыць, што ўсе члены органаў мясцовага самакіравання былі прадстаўнікамі “Грузінскай мары“, а ў парламенце ў кіруючай партыі больш за палову месцаў.

Пяты прэзідэнт Грузіі назвала працэдуру фарсам і правакацыяй, заяўляючы, што не складе паўнамоцтваў да правядзення новых парламенцкіх выбараў. Яна, як і апазіцыйныя партыі, лічыць склад новага заканадаўчага органа нелегітымным.

Гл. таксама па тэме:

Паводле беларускіх лякал. Грузінскі тэлеканал абвінаваціў “рэжым Іванішвілі” ў выкарыстанні паслуг “інструктараў Лукашэнкі”

Крайнія меры. Праваабаронцы звернуцца ў Камітэт ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі, каб папярэдзіць высылку беларусаў з Грузіі

Падзяліцца: