Мінск 18:57

Ва ўрадзе заклапаціліся сістэматычным невыкарыстаннем сродкаў, выдзеленых на ліквідацыю наступстваў чарнобыльскай аварыі

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 28 снежня ў 12:56.

Архіўнае фота: "Позірк"

27 снежня, Позірк. “Сістэматычны характар” набыла “сітуацыя з астаткам нявыкарыстаных асігнаванняў”, што выдзяляюцца з бюджэту на рэалізацыю дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Пра гэта гаворыцца ў дакладной запісцы начальніка ўпраўлення па пытаннях абароны і праваахоўных органаў Саўміна Дзмітрыя Кірушчанкі намесніку прэм’ер-міністра Анатолю Сіваку.

Дакумент складзены 25 лістапада 2024 года, яго копію “Позірку” прадаставіла аб’яднанне былых сілавікоў BelPol.

У запісцы Кірушчанка інфармуе віцэ-прэм’ера, што адпаведныя палажэнні праграмы (разлічаная на 2021–2025 гады) зноў не будуць выкананыя ў адыходзячым 2024-м.

“Аналіз выкарыстаных за студзень — верасень <…> сродкаў, выдзеленых на фінансаванне мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы <…>, указвае на непрыняцце досыць эфектыўных мер па арганізацыі ўзаемадзеяння паміж дзяржаўнымі органамі па кіраванні сродкамі з боку адказнага заказчыка (МНС)”, — гаворыцца ў дакуменце.

Далей прыводзяцца лічбы за названы перыяд.

У цэлым з прадугледжаных дзяржпраграмай 533 млн 22,5 тыс. рублёў “асвоена” 492 млн 264,2 тыс. (92,3%) — сума нявыкарыстаных асігнаванняў склала 40 млн 758,3 тыс. рублёў, адзначаецца ў дакладной запісцы.

На забеспячэнне сацыяльнай абароны, медыцынскую дапамогу, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне насельніцтва пацярпелых тэрыторый выкарыстана 271 млн 286,7 тыс. рублёў (94,2% ад выдзеленай сумы). З іх на льготы і кампенсацыі — 159 млн 742,4 тыс. рублёў (93,3%), арганізацыю бясплатнага харчавання навучэнцаў, якія пражываюць на забруджаных тэрыторыях — 37 млн 903,5 тыс. (88%), на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне — 73 млн 457,8 тыс. (99,9%).

На забеспячэнне “радыяцыйнай абароны і адраснага прымянення ахоўных мер” накіравана 129 млн 364,7 тыс. рублёў (98,4%);

на “садзейнічанне сацыяльна-эканамічнаму развіццю пацярпелых рэгіёнаў” — 74 млн 75,6 тыс. (82,2%);

на “ўдасканаленне арганізацыі санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення дзяцей, якія пражываюць (навучаюцца) на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання” — 14 млн 865,3 тыс. (73,9%).

На “правядзенне навуковых даследаванняў і інфармацыйнай працы” выдзелена 838,6 тыс. рублёў, гэтыя сродкі, як паведамляецца, таксама “не асвоеныя ў поўным аб’ёме”.

Таксама ў дакуменце гаворыцца аб прымаемых мерах па развіцці тэрыторый Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Гэты напрамак рэалізуецца ў адпаведнасці з даручэннем Аляксандра Лукашэнкі ад 15 верасня 2020 года.

“Станоўчым вынікам дзейнасці” названа тое, што ў студзені — жніўні “па пазабюджэтных відах дзейнасці <…> (конегадоўля, пчалярства, прамысловая лоўля рыбы з наступнай перапрацоўкай і інш.) атрымана выручкі 2,45 млн, або 140,1% да аналагічнага перыяду 2023 года”.

“Аднак з 2019 года не забяспечана эксплуатацыя сістэмы радыяцыйна-метэаралагічнага, пажарнага і відэакантролю ў запаведніку. Сістэма працуе абмежавана ў тэставым рэжыме. Неабходна актывізаваць прапрацоўку варыянтаў вырашэння праблем з яе функцыянаваннем”, — дакладвае Кірушчанка.

Паводле слоў чыноўніка, у 2024 годзе з прадугледжаных дзяржпраграмай 699 млн 220,5 тыс. рублёў “асвоена” 427 млн 425,9 тыс. (80,2% ад плана). “Сума нявыкарыстаных асігнаванняў склала 105 млн 606,6 тыс., што сведчыць аб нерацыянальным планаванні выдаткаў і недастаткова эфектыўным кіраванні сродкамі”, — рэзюмуе прадстаўнік Саўміна.

Адрэагаваць на дакладную запіску Сівак даручыў кіраўніку МНС Вадзіму Сіняўскаму, міністру аховы здароўя Аляксандру Хаджаеву, міністру сельскай гаспадаркі і харчавання Анатолю Ліневічу, кіраўніку Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргею Масляку, а таксама старшыням аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.

“Прааналізуйце інфармацыю ў дакладной запісцы <…> і прыміце дадатковыя меры (у тым ліку ініцыюйце правядзенне нарад, выезды для азнаямлення з бягучым становішчам спраў на аб’екты) для эфектыўнай рэалізацыі дзяржаўнай праграмы”, — распарадзіўся віцэ-прэм’ер (дакумент маецца ў распараджэнні рэдакцыі).

Пра вынікі праведзенай працы Сівак даручыў даць справаздачу да 10 снежня 2024 года.

26 красавіка 1986 года ў 1:23, адбылася найбуйнейшая ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа — аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Нягледзячы на тое, што атамная станцыя размешчана ва Украіне, больш за 70% усіх радыенуклідаў, якія выпалі ў выніку разбурэння рэактара, асела ў Беларусі.

З пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы тэрыторый адселена 137,7 тыс. чалавек, з якіх 75% — жыхары Гомельскай вобласці. Адначасова з эвакуацыяй і арганізаваным перасяленнем самастойна пакінулі тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання каля 200 тыс. чалавек.

Створаны ў 1988 годзе Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік займае 215 тыс. га на тэрыторыі найбольш пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС раёнаў Гомельскай вобласці — Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага.

Падзяліцца: