Мінск 16:06

Мінфін правёў першае замяшчэнне беларускіх еўрааблігацый на дзяржаўныя аблігацыі

27 снежня, Позірк. Аб правядзенні першага замяшчэння беларускіх еўрааблігацый выпуску № 331 з пагашэннем 29 чэрвеня 2027 года на дзяржаўныя аблігацыі паведаміла Міністэрства фінансаў.

“Дзяржаўныя аблігацыі выпуску № 331 на суму 240,4 млн долараў пераведзеныя ва ўліковую інфраструктуру Нацыянальнага разліковага дэпазітарыя (РФ) для залічэння на рахункі трымальнікаў еўрааблігацый,” — адзначыла прэс-служба ведамства.

Замена была праведзена 1.760 трымальнікам, якія прайшлі верыфікацыю ў Рэспубліканскім цэнтральным дэпазітарыі каштоўных папер (Беларусь).

“У межах замены выплачваецца раней акумуляваны працэнтны даход з улікам пацверджання трымальнікамі правоў валодання гэтымі каштоўнымі паперамі на адпаведныя даты выплат даходу,” — падкрэсліў Мінфін.

Згаданае замяшчэнне анансаваў міністр фінансаў Юрый Селівёрстаў у інтэрв’ю праграме “Галоўны эфір” на тэлеканале “Беларусь 1” (выйшла 10 лістапада).

Тады ён заявіў, што асноўная маса трымальнікаў беларускіх еўрааблігацый, тэрмін выплаты па якіх на той момант ужо настаў, свае сродкі атрымала. “Знойдзены механізм, якім чынам яны пераводзяць на нашы рахункі аблігацыі, мы пераводзім ім у беларускіх рублях плацяжы, і гэты механізм працуе,” — сказаў Селівёрстаў.

Пытанні пагашэння “тых папер, тэрмін пагашэння па якіх яшчэ не настаў, але яны таксама па сутнасці заблакіраваныя”, паводле слоў чыноўніка, будуць вырашацца шляхам выпуску “замяшчаючых аблігацый”. “Цяпер мы збіраем заяўкі, <…> у снежні першае замяшчэнне зробім, і ўжо на наступныя выпускі, 2026 года, будзем працаваць у гэтым кірунку. Банк развіцця, дарэчы, у межах такога ж механізму па сваіх нарматыўных паперах таксама пачаў выплаты, і гэты працэс ідзе,” — адзначыў тады чыноўнік.

28 чэрвеня 2022 года Савет міністраў і Нацыянальны банк прынялі сумесную пастанову, паводле якой “выкананне даўгавых абавязацельстваў па дзяржаўных каштоўных паперах, размешчаных на знешніх фінансавых рынках, будзе ажыццяўляцца ў беларускіх рублях па курсе Нацбанка на дату плацяжу”.

З таго часу Беларусь практыкуе пералічэнне плацяжоў па пазыках у рублях на спецрахунак у “Беларусбанку”.

Напярэдадні абвяшчэння тэрміну першага замяшчэння еўрааблігацый Міністэрства фінансаў таксама паведаміла, што ў адпаведнасці з сумеснай пастановай Савета міністраў і Нацбанка ад 23 снежня 2024 года № 999/34 права на атрыманне выплат па еўрааблігацыях Беларусь-2023 (ISIN XS1634369067 і US07737JAB98) праз дэпазітарый-нерэзідэнт цяпер таксама маюць трымальнікі аблігацый, якія набылі каштоўныя паперы да даты згаданай пастановы.

Пры гэтым “застаецца абавязковая ўмова аб пераводзе еўрааблігацый на рахунак эмітэнта”. “Актуалізацыя парадку ўлічвае назапашаны досвед, а таксама цяперашнія ўмовы функцыянавання фінансавага рынку”, — адзначыла ведамства.

Падзяліцца: