Мінск 22:32

Арменія не мае намеру вяртаць у Беларусь свайго амбасадара — СМІ

28 снежня, Позірк. Ерэван не мае намеру вяртаць у Беларусь свайго амбасадара Разміка Хумарана, паведамляе адказнае за Арменію бюро расійскага прапагандысцкага медыя Sputnik са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Паводле інфармацыі СМІ, пасля адклікання сёлета ў чэрвені дыпламат у Мінск больш не прыязджаў.

13 чэрвеня прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што ні ён, ані які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Мінску знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка. Ён сказаў пра гэта ў кантэксце заяў Лукашэнкі пра карабахскі канфлікт на сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня.

Пасля заявы прэм’ера амбасадара Хумарана адклікалі ў Ерэван для кансультацый. У адказ Мінск вярнуў з Арменіі свайго амбасадара Аляксандра Канюка (мяркуючы з інфармацыі МЗС, вярнуўся ў Ерэван напрыканцы лета).

На саміце Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) 26 снежня Пашынян, выступаючы па відэасувязі (паводле афіцыйнай версіі — праз дыягнаставаны кавід), публічна адмовіўся прыязджаць у Мінск у траўні 2025 года на наступную сустрэчу кіраўнікоў краін ЕАЭС.

“Хачу ўдакладніць, што мы не пярэчым супраць правядзення пасяджэння Вышэйшага эканамічнага савета ЕАЭС у Мінску, але я хачу загадзя сказаць, што наша дэлегацыя возьме ўдзел у пасяджэнні ў рэжыме відэаканферэнцыі”, — сказаў Пашынян. Такім чынам ён адрэагаваў на прапанову Лукашэнкі правесці наступны саміт у сталіцы Беларусі, якая ў 2025 годзе будзе выконваць функцыі старшыні ў органах ЕАЭС.

На рэпліку Лукашэнкі “А што ў вас за праблема? Далёка да Мінска, ці няма каму вас падвезці? Ну мы арганізуем дастаўку вашай дэлегацыі, калі трэба”, Пашынян заўважыў, што ён з гэтай нагоды “выступіў з публічнай заявай і гэтая заява застаецца ў сіле”. “Я ня думаю, што гэта правільны фармат, каб абмяркоўваць гэтыя пытаньні. Проста вы сказалі, закранулі пытанне, я мусіў адразу зрэагаваць, каб не было ніякіх непаразуменняў”, — сказаў ён.

“Ну, мы разглядзім вашу заяву”, — раздражнёна парыраваў Лукашэнка. У адказ на рэпліку Пашыняна, што заява “не падлягае разгляду”, дадаў: “Мы разгледзім. Можа, тэлевізара не будзе, каб вы дыстанцыйна выступалі”.

“Няма праблем, няма праблем, няма праблем, — са смехам адзначыў кіраўнік армянскага ўрада. — Я разумею, што, можа, у вас з’явіліся яшчэ і праблемы з тэлевізарамі. Я з разуменнем стаўлюся да гэтага”.

Стасункі Арменіі з асобнымі членамі інтэграцыйных утварэнняў на постсавецкай прасторы пачалі астываць з канца 2020 года на фоне карабахскага канфлікту. Пасля другой вострай фазы ў верасні 2023-га ён завяршыўся скасаваннем самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі, якую ў тым ліку ў ваенным плане падтрымліваў Ерэван, і пераходам рэгіёна пад кантроль Азербайджана.

Арменія, незадаволеная адсутнасцю падтрымкі з боку Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), афіцыйна замарозіла, а фактычна спыніла ўдзел у гэтым ваенна-палітычным блоку. Адначасова Ерэван стаў сігналізаваць пра гатоўнасць да збліжэння з Еўрасаюзам.

22 траўня 2024 года Пашынян заявіў у парламенце: “У падрыхтоўцы 44-дзённай вайны 2020 года ўдзельнічалі не з нашага боку нашы саюзнікі. Я ведаю як мінімум дзве краіны — члена АДКБ, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы вайны супраць нас. Гэтыя краіны, магчыма, стваралі імітацыю дапамогі нам”. Паводле яго слоў, вайна з Азербайджанам была “не праз Нагорны Карабах”, а “пра тое, каб Арменія нічога з сябе не ўяўляла”, яе мэтай было “спыненне існавання Арменіі”.

Кіраўнік армянскага ўрада не ўдакладніў, якія краіны мае на ўвазе, але мімаходзь згадаў у сваёй прамове Лукашэнку.

Апошні пасля карабахскіх падзей актывізаваў кантакты з Баку, не хаваючы задавальнення тым, што Азербайджан заняў спрэчны рэгіён, і прапануючы дапамогу ў яго ўладкаванні.

21 жніўня дэмакратычныя сілы Арменіі запатрабавалі ад уладаў краіны “неадкладна разарваць дыпламатычныя стасункі з Беларуссю да зняцця дыктатара Лукашэнкі з пасады”. З гэтым і іншымі палітычнымі патрабаваннямі іх прадстаўнікі выйшлі ў той дзень да беларускай амбасады. Прадстаўнікі партыі “У імя Рэспублікі” закідалі дыпмісію яйкамі, памідорамі і бульбай.

У сувязі з гэтым у беларускі МЗС быў выкліканы часовы павераны ў справах Арменіі ў Мінску.

Падзеі ля будынка амбасады Беларусі пачалі развівацца пасля інтэрв’ю Лукашэнкі дзяржаўнаму тэлеканалу РФ “Россия”, у якім ён раскрытыкаваў курс армянскіх уладаў на збліжэнне з Захадам.

6 верасня кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў і старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў наведалі месца будаўніцтва армянскай царквы ў сталіцы і сустрэліся з прадстаўнікамі армянскай дыяспары.

12 верасня Лукашэнка выказаў меркаванне, што ў пагаршэнні стасункаў з Арменіяй віны Беларусі няма.

Падзяліцца: