Мінск 10:01

У 2024 годзе BySol сабраў для беларускіх добраахвотнікаў амаль 83 тыс. еўра

Крыніца: BySol

29 снежня, Позірк. 82.827 еўра для ваюючых ва Украіне беларускіх добраахвотнікаў сабраў у 2024 годзе фонд салідарнасці BySol.

Як адзначаецца ў тэлеграм-канале арганізацыі, усяго на гэтыя мэты быў адкрыты 21 збор сродкаў, за кошт ахвяраванняў было назапашана 58.827 еўра. “Гэта зборы на лячэнне і рэабілітацыю, а таксама на куплю тэхнікі, якая ратуе жыцці”, — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя гэтага, “аказана дапамога ў прамых закупках” для добраахвотнікаў, для гэтага была атрымана “падтрымка партнёраў” на суму 24 тыс. еўра, адзначылі ў BySol.

27 снежня фонд паведаміў, што сёлета ім быў адкрыты 251 персанальны збор “для пацярпелых ад тэрору”.

“Нам разам удалося сабраць 619.363 еўра на дапамогу людзям. Усе гэтыя грошы патрапілі адрасатам. Фонд не бярэ ніякіх правізій або працэнта ад дапамогі на зборах”, — падкрэслівалася ў публікацыі.

Фонд BySol дзейнічае з 2020 года. Акрамя збору ахвяраванняў для пацярпелых ад рэпрэсій і добраахвотнікаў, займаецца эвакуацыяй беларусаў, якія знаходзяцца ў небяспецы, дапамагае палітвязням і іх сем’ям, а таксама вызваленым у адаптацыі ў новай краіне. Прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”. У дачыненні да сузаснавальніка фону Андрэя Стрыжака ў Беларусі распачата некалькі крымінальных спраў, вядзецца спецвытворчасць.

Падзяліцца: