Мінск 11:13

Лукашэнка выказаў спачуванні “народу Рэспублікі Карэя” ў сувязі з крушэннем самалёта ў Муане

29 снежня, Позірк. Спачуванні “народу Рэспублікі Карэя” ў сувязі з крушэннем пасажырскага самалёта ў міжнародным аэрапорце горада Муан выказаў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

У Беларусі, паводле яго слоў, “з вялікім болем і спачуваннем успрынялі навіны пра шматлікія чалавечыя ахвяры жудаснай трагедыі”. “У гэтую цяжкую гадзіну накіроўваем свае словы падтрымкі і суцяшэння сем’ям загінулых, а таксама пажаданні хутчэйшага выздараўлення пацярпелым“, — гаворыцца ў паведамленні.

Пасажырскі самалёт Boeing 737-800 авіякампаніі Jeju Air (Паўднёвая Карэя) з 181 чалавекам на борце пацярпеў катастрофу раніцай 29 снежня пры прызямленні ў аэрапорце горада Муан, размешчанага за 288 кіламетраў на паўднёвы захад ад Сеула. Борт накіроўваўся рэйсам з Бангкока (Таіланд).

Паведамляецца, што ў выніку катастрофы загінула 179 чалавек. Выжылі дзве жанчыны — сцюардэса і пасажыр.

За выключэннем двух грамадзян Таіланда, у самалёце знаходзіліся грамадзяне Паўднёвай Карэі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай аварыі стала адмова шасі з-за сутыкнення з птушкамі.

Паўднёвая Карэя не ўключана ў спіс “недружалюбных краін”, зацверджаны ўрадам Беларусі 6 красавіка 2022 года. Пры гэтым Сеул увёў санкцыі ў дачыненні да Мінска ў сувязі з яго падтрымкай расійскай агрэсіі ва Украіне.

Пры неабходнасці Лукашэнка апелюе да “народаў” такіх дзяржаў, не звяртаючыся да іх дэмакратычных урадаў.

На фоне вайны ва Украіне Мінск збліжаецца з Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай, у якой напружаныя адносіны з Паўднёвай Карэяй. У ліпені па выніках візіту ў КНДР аб краіне кампліментарна адгукаўся міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.

25 снежня Лукашэнка выказаў спачуванні прэзідэнту Азербайджана Ільхаму Аліеву ў сувязі з крушэннем пасажырскага самалёта авіякампаніі AZAL каля горада Актау (Казахстан).

Падзяліцца: