Мінск 14:54

За тыдзень на падставе бязвізу Беларусь наведала больш за 6 тыс. еўрапейцаў

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

30 снежня, Позірк. За тыдзень (23–30 снежня) Беларусь у бязвізавым рэжыме наведала 6.140 жыхароў еўрапейскіх краін (тыднем раней — 5.092), вынікае з інфармацыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

У краіну накіравалася 2.319 грамадзян і неграмадзян Латвіі (тыднем раней — 2.477), 1.891 грамадзянін Літвы (1.314), 473 грамадзяніны Польшчы (488) і 1.457 грамадзян з ліку прадстаўнікоў іншых еўрапейскіх дзяржаў (813).

З 15 красавіка 2022 года Беларусь наведала 1.030.425 жыхароў Еўропы. З Латвіі прыбыло 324.746, Літвы — 586.382, Польшчы — 103.751. З 19 ліпеня 2024-га ў краіну накіравалася 15.546 жыхароў з 35 краін, уключаных у спіс “пашыранага бязвізу”.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы.

Гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Грамадзяне гэтых дзяржаў могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “на падставе сапраўдных дакументаў”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

13 снежня бязвіз для жыхароў 38 еўрапейскіх краін падоўжаны да канца 2025 года.

Падзяліцца: