Мінск 15:20

Абвінавачаных у атацы дрона на базу АМАП завочна прыгаварылі да працяглых тэрмінаў зняволення

Архіўнае фота: прэс-служба СК

30 снежня, Позірк. Мінскі гарадскі суд завочна прыгаварыў былога супрацоўніка атрада міліцыі асаблівага прызначэння (АМАП) Паўла Кулажэнку да 24 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, былога вайскоўца Віталя Пацехіна — да 23 гадоў, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Вырак па справе аб атацы дрона на базу АМАП ГУУС Мінгарвыканкама, якая адбылася 25 верасня 2021 года, быў вынесены 23 снежня 2024-га, адзначаюць праваабаронцы.

Кулажэнка і Пацехін таксама аштрафаваныя на 1.000 базавых велічыняў (40 тыс. рублёў) кожны.

Спецвытворчасць па гэтай справе было распачатая сёлета 31 ліпеня, пра заканчэнне расследавання СК абвясціў 13 лістапада. Кулажэнку абвінавацілі паводле ч. 3 ст. 289, ч. 1 ст. 14 і ч. 1 ст. 2904, ч. 1 ст. 2905, ч. 2 ст. 2953, ч. 1 ст. 357, ч. 1 і 2 ст. 3614; Пацехіна — паводле ч. 3 ст. 289, ч. 1 ст. 14 і ч. 2 ст. 2904, ч. 2 ст. 2905, ч. 2 ст. 2953Крымінальнага кодэкса. На іх маёмасць (агульны кошт — 240 тыс. рублёў) наклалі арышт.

Адказнасць за атаку на базу АМАП узяла на сябе арганізацыя “Буслы ляцяць”. Сілавікі лічаць выканаўцам гэтага акта Пацехіна.

Кулажэнка — таксама завочна — праходзіў па “справе змоўшчыкаў”, на падставе якой былі пазбаўленыя волі палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, беларуска-амерыканскі адвакат Юры Зянковіч, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў (памілаваны).

“Следствам высветлена, што Кулажэнка, узначальваючы экстрэмісцкае фарміраванне “Буслы ляцяць”, далучыўся да змоўшчыкаў, якія хацелі ажыццявіць у Беларусі ваенны пераварот, які прадугледжвае забойства Кіраўніка дзяржавы (захаваны арыгінальны стыль. — “Позірк”.) і шэрага высокіх службовых асоб, — заяўляў у лістападзе СК. — Калі злачынны план Зянковіча, Фядуты і іншых яго ўдзельнікаў быў спынены супрацоўнікамі КДБ, замежныя “лідары апазіцыі” вырашылі змяніць тактыку барацьбы за ўладу. Так, Кулажэнка разам са стваральнікамі радыкальных груп “Кібер-Партызаны” і “Дружыны Народнай Самаабароны — ДНС”, якія яшчэ задоўга да выбараў з’ехалі ў ЗША, аб’ядналіся ў тэрарыстычную арганізацыю “Супраціў”. Галоўнай мэтай для сябе яны ставілі гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу дзяржавы любым шляхам, у тым ліку здзяйсняючы тэракты”.

“Пацехін, далучыўшыся да шэрагаў тэрарыстаў, выказаў гатоўнасць да здзяйснення найбольш жорсткіх і рэзанансных правакацый. Для выканання задання ён пры садзейнічанні неабазнаных кантрабандыстаў перамясціў з Украіны дрон з вялікай грузападымальнасцю і на працягу некалькіх месяцаў рыхтаваўся да рэалізацыі злачыннага плана. <…> Ён мадэрнізаваў лятучы апарат, усталяваўшы прыладу скіду грузу і відэакамеру. <…> З дапамогай беспілотніка абвінавачаны скінуў дзве пяцілітровыя бутэлькі з запальнай сумессю на базу АМАП”, — сцвярджала ведамства.

“Пасля здзяйснення тэракту” Пацехін нібыта “схаваў дрон у схованку для перадачы іншаму ўдзельніку злачыннай арганізацыі і пакінуў тэрыторыю Беларусі”. Беспілотнік “трапіў не ў рукі чарговага тэрарыста, а да аператыўнікаў”.

Спецыяльная вытворчасць — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, што вядзе крымінальны працэс. Магчымая па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый ды інш.

Даведка “Позірку”:

  • арт. 14 КК — замах на злачынства;
  • арт. 289 — акт тэрарызму;
  • арт. 2904 — стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй;
  • арт. 2905 — арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі;
  • арт. 2953 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў;
  • арт. 357 — змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;
  • арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
Падзяліцца: