Мінск 15:08

Лукашэнка анансаваў нараду з урадам па цэнаўтварэнні (дапоўнена)

Ілюстрацыйнае фота: 1prof.by

дададзеныя абзацы 4–6

30 снежня, Позірк. Нараду з урадам па “выпрацоўцы справядлівага цэнаўтварэння” анансаваў на пачатак студзеня 2025 года Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 30 снежня новы ўчастак трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна.

“Не стрымліванню цэн [будзе прысвечана], — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба. — Можа, нават не рэгуляванне цэн. Але мусіць быць формула цэнаўтварэння ў Беларусі, каб не было так, як раней: чалавек не паспеў заробак атрымаць — ужо цэны недзе выраслі. Гэтага быць не павінна”.

Паводле яго слоў, цяпер сітуацыя з цэнамі “больш-менш нармальная”. “Але павінна справядлівая быць цана. Формула справядлівага цэнаўтварэння — перад урадам пастаўлена задача”, — заявіў спікер.

Падкрэсліўшы, што “людзі крыўдзіцца не мусяць”, Лукашэнка адзначыў, што цэнаўтварэнню належыць быць такім, каб “бізнесмены і людзі, якія гандлююць і вырабляюць, не бегалі за вамі: дазвольце нам падвысіць, дазвольце тое, дазвольце сёе”.

“Яны самі павінны ведаць, у якім калідоры яны дзейнічаюць. Таму разам з бізнесам сядайце і выпрацоўвайце. У першых чыслах студзеня адрапартуйце”, — сказаў ён.

Лукашэнка таксама запатрабаваў ад сталічных уладаў прасачыць, каб буйныя гандлёвыя сеткі не вытурылі крамы крокавай даступнасці. “Маленькія крамы, бліжэй да людзей — гэта трэба, — заявіў спікер. — А гэтыя [буйныя сеткавыя крамы] — глядзі, каб яны цябе ў абцугі не ўзялі. Табе давядзецца і цэны глядзець (як будуць фармавацца), і выкладкі, і пералік тавараў павінен выконвацца. Якая б сетка ні была, якія б крамы ні былі, [трэба,] каб было зручна людзям”.

Паводле даных Белстата, спажывецкія цэны ў лістападзе 2024 года выраслі на 0,3%, ад пачатку года — на 4,6%, за 12 месяцаў (лістапад да лістапада) — на 5,5%.

Улады разлічваюць па выніках 2024 года ўтрымаць інфляцыю ў межах 6%, у 2025 годзе — 5%.

Урад працуе над ліквідацыяй негатыўных эфектаў, якія прынесла эканоміцы пастанова ўрада № 713 аб рэгуляванні цэн, заявіў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў на пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры Савеце міністраў 31 кастрычніка.

“У краіне павінен працаваць механізм па фармаванні справядлівых цэн”, — падкрэсліў чыноўнік.

Паводле яго слоў, інструменты іх дасягнення “могуць змяняцца”. Пры гэтым прыняцце названай пастановы Снапкоў назваў “вымушанай мерай”.

Пра тое, што ўрад распрацоўвае “альтэрнатыўную сістэму рэгулявання цэн” з “найменшым умяшаннем дзяржавы ў працэсы цэнаўтварэння”, паведаміў 18 кастрычніка міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў.

6 кастрычніка 2022 года Лукашэнка па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту цэн”.

Пастановай урада ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 было ўведзена рэгуляванне цэн на тавары ўсяго спажывецкага кошыка. Пазней з яго былі выключаныя некаторыя групы тавараў, падкарэктаваныя правілы рэгулявання цэн.

Міжнародны валютны фонд прагназуе, што рост цэн па выніках года складзе 6%, Еўразійскі банк развіцця — 5,9%, Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця — 5,8%, даследчы цэнтр BEROC — 5,5–6%.

У 2023 годзе цэны выраслі на 5,8%.

Падзяліцца: