Мінск 15:01

Яшчэ да завяршэння будаўніцтва трэцяй веткі мінскага метро ўлады пачалі праектаваць чацвёртую (дапоўнена)

старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў (справа)
Фота: прэс-служба Лукашэнкі

адаптаваны абзац 4, дададзеныя абзацы 3, 6–9

30 снежня, Позірк. У Мінску пачынаюць праектаваць новую лінію метро, паведаміў старшыня гарвыканкама Уладзімір Кухараў Аляксандру Лукашэнку 30 снежня падчас цырымоніі адкрыцця трох новых станцый трэцяй лініі метрапалітэна.

Паводле слоў кіраўніка сталіцы, згодна з генеральным планам, чацвёртая — кальцавая — лінія метро з 17 станцыямі працягнецца на 25 кіламетраў.

“Мы плануем, што з улікам будаванага вялікага мікрараёна “Паўночны бераг” і мікрараёнаў, дзе пражываюць звыш 800 тысяч чалавек (гэта Фрунзенскі і Маскоўскі раёны), пасля завяршэння “Парку Дружбы народаў” (станцыя трэцяй лініі метро, якая, паводле папярэдняй інфармацыі, павінна адкрыцца ў 2029 годзе. — “Позірк”.) будзем пачынаць з гэтага боку”, — цытуе Кухарава прэс-служба Лукашэнкі.

Першыя чатыры станцыі трэцяй лініі мінскага метро — “Юбілейная плошча”, “Плошча Францішка Багушэвіча”, “Вакзальная” і “Кавальская Слабада” — адкрыліся 7 лістапада 2020 года. У 16:00 30 снежня 2024 года адчыняць дзверы яшчэ тры — “Аэрадромная”, “Немаршанскі Сад” і “Слуцкі Гасцінец”. У 2029 годзе акрамя “Парку Дружбы народаў” плануецца адкрыць яшчэ тры станцыі — “Прафсаюзная”, “Пераспа”, “Камароўская”.

Паводле слоў Лукашэнкі, якія прыводзіць яго прэс-служба, будаўніцтва метро ідзе “быццам добра, але катастрафічна марудна”. “Трэба хутчэй у два разы. Не трэба пад зямлю заганяць палацы. Лепш мы зробім годна, прасцей, але больш. Давайце разам будзем планаваць развіццё гэтага дарагога, але вельмі патрэбнага віду транспарту для нашых мінчан”, — адзначыў спікер.

На гэта Кухараў адказаў, што для паскарэння працэсу плануецца набыць другі праходчы шчыт “Алеся”.

Старшыня Мінгарвыканкама паведаміў, што на метро прыпадае каля 40% пасажырскіх перавозак у сталіцы. У 2024 годзе колькасць перавезеных пасажыраў вырасла на 8%, выручка ад паслуг — на 12%, прыбытак метрапалітэна — на 10%.

“Сёння гэта датаваны від транспарту, таму што сабекошт адной паездкі — 2 рублі 12 капеек, па факце жыхары плацяць 90 капеек. Датацыя ідзе з гарадскога бюджэту — каля 134 мільёнаў рублёў штогод”, — заявіў Кухараў.

“Амаль палову датуем. Гэта не вельмі добра”, — адрэагаваў Лукашэнка.

Падзяліцца: