Мінск 15:18

Першы віцэ-спікер Сейма Літвы ўзначаліў дэпутацкую групу “За дэмакратычную Беларусь”

Сейм Літвы
Фота: govilnius.lt

30 снежня, Позірк. У абраным восенню гэтага года новым складзе Сейма Літвы створаная міжфракцыйная дэпутацкая група “За дэмакратычную Беларусь”, яе ўзначаліў першы віцэ-спікер заканадаўчага органа Юозас Алекас, паведамляе “Парламенцкі канал”.

Намеснікам Алекаса ў аб’яднанні стаў намеснік старшыні камітэта па замежных справах Сейма Жыгімантас Павілёніс, які ўзначальваў групу “За дэмакратычную Беларусь” у парламенце папярэдняга склікання.

Паведамляецца, што ў склад групы таксама ўвайшлі прадстаўнікі “асноўных фракцый“ парламента.

Дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька, каментуючы стварэнне групы, адзначыў, што гэта “тая канфігурацыя”, да якой імкнуліся Беларускія дэмсілы, “папярэднія кансультацыі далі свае вынікі”. Палітык назваў Алекаса і Павілёніса “зубрамі літоўскай палітыкі, дасведчанымі ў міжнародных справах”.

“Нам не патрэбны час на прыцірку, абмеркаванне планаў супрацоўніцтва ўжо пачатае. Задача мінімум — не пагоршыць прававы стан беларусаў у Літве. Задача максімум — па выніках рэвізіі адмяніць пункты, якія працуюць на карысць рэжыму і супраць прыхільнікаў пераменаў у Беларусі. Ну і, натуральна, выпрацаваць план сумесных дзеянняў, накіраваны на перамены ў Беларусі“, — заявіў Лябедзька.

“Не стамляцца змагацца і быць аб’яднанымі” пажадаў Павілёніс 13 снежня ў Вільнюсе на Форуме журналісцкіх арганізацый з краін Балтыі і журналістаў, якія пераследуюцца, “Надзейная і прафесійная журналістыка: мэта — падтрымка найвышэйшых стандартаў журналістыкі”. Звяртаючыся да “журналістаў, братоў і сясцёр у Беларусі“, палітык запэўніў: “Мы будзем разам з вамі да свабоды”.

Па выніках другога тура парламенцкіх выбараў, які прайшоў у Літве 27 верасня, перамогу атрымала Сацыял — дэмакратычная партыя — у яе 52 з 141 мандата. Партыя “Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты” атрымала 28 мандатаў.

21 лістапада Сойм ухваліў кандыдатуру сацыял-дэмакрата Гіўтантаса Палуцкаса на пасаду прэм’ер-міністра.

Падзяліцца: