Мінск 15:25

Лукашэнка падпісаў указ, які стымулюе выкарыстанне паліўных пелет насельніцтвам

30 снежня, Позірк. Указ № 475 “Аб кампенсацыі выдаткаў на набыццё кацельнага абсталявання, якое працуе на драўняных паліўных гранулах (пелетах)”, падпісаў 30 снежня Аляксандр Лукашэнка.

Як паведамляе яго прэс-служба, “дакумент прыняты ў мэтах павелічэння выкарыстання пелет насельніцтвам і прадугледжвае кампенсацыю 40% выдаткаў грамадзян (але не больш за 120 базавых велічынь) на набыццё адпаведнага кацельнага абсталявання, вырабленага прадпрыемствамі Беларусі і арганізацыямі дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза“.

Дакумент прадугледжвае пакрыццё расходаў “за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў аднаразова”, у выпадку калі набываемае кацельнае абсталяванне будзе выкарыстоўвацца “для цеплазабеспячэння аднаго жылога дома, не забяспечанага цэнтралізаваным газазабеспячэннем і (або) цеплазабеспячэннем”.

Асноўныя палажэнні ўказа ўступаюць у сілу праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання.

14 чэрвеня на нарадзе з кіраўніцтвам Савета міністраў Лукашэнка канстатаваў, што пелетныя вытворчасці Беларусі “ў сілу вядомых знешніх абставінаў працуюць цяпер ні хістка, ні валка”, а меры, якія прымаюцца ўрадам, выніку не далі.

Ён заявіў аб недастатковых намаганнях з боку “некаторых адказных асоб” па арганізацыі экспартных паставак гэтага віду паліва і па яго выкарыстанні на ўнутраным рынку.

“У нас жа прэзідэнт з’ездзіў, дамовіўся… Будзем газам тапіць, дровы не патрэбныя, пелеты не патрэбныя”, — сказаў ён.

Аб пераводзе энергакрыніц на пелетнае паліва гаварыў на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў 2 кастрычніка прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, які адзначыў, што ў Беларусі створаны значныя магутнасці, якія трэба максімальна задзейнічаць.

Санкцыі Еўрасаюза ў дачыненні да беларускага экспарту, уключаючы дрэваапрацоўку, былі ўведзеныя 2 сакавіка 2022 года і ўступілі ў поўную сілу 4 чэрвеня — да гэтага дня дазвалялася выконваць раней заключаныя кантракты. У 2021 годзе экспартавана драўніны ў ЕС на 3,2 млрд долараў.

8 сакавіка 2022 года Міжнародная рада дырэктараў FSC (Лясны апякунскі савет — міжнародная арганізацыя, якая адказвае за выкананне стандартаў у кіраванні лясамі і лесапрадукцыяй) вырашыла прыпыніць сертыфікацыю экспартнай прадукцыі дрэваапрацоўкі і лясной гаспадаркі Беларусі і РФ праз агрэсію супраць Украіны.

Падзяліцца: