Мінск 16:41

Украіна і Расія зноў абмяняліся палоннымі на тэрыторыі Беларусі

30 снежня, Позірк. Украіна і Расія 30 снежня правялі абмен палоннымі на тэрыторыі Беларусі, паведамляе прэс-служба Узброеных сіл Украіны (УСУ).

У выніку абмену вызваленыя 189 украінскіх вайскоўцаў і 150 расійскіх.

Адзначаецца, што пасярэднікам пры перамовах выступілі Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

З расійскага палону вызвалена 173 шарагоўцаў і сяржантаў, 14 афіцэраў, а таксама двое грамадзянскіх, узятых у палон пры акупацыі Марыупаля.

Мінабароны РФ пацвердзіла абмен, але паведаміла пра абмен 150 украінцаў.

“У цяперашні час усе расійскія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзе ім аказваецца неабходная псіхалагічная і медыцынская дапамога, а таксама прадастаўлена магчымасць звязацца са сваякамі. Усе вызваленыя расійскія вайскоўцы будуць дастаўленыя ў Расію для праходжання лячэння і рэабілітацыі ў медыцынскіх установах Мінабароны“, — заявілі ва ведамстве.

Гэта быў адзінаццаты абмен ваеннапалоннымі паміж Украінай і Расіяй у 2024 годзе.

Некаторыя абмены праходзяць з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

8 лістапада на тэрыторыі Беларусі пры ўдзеле прадстаўнікоў Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа (МКЧК) адбылася сустрэча ўпаўнаважаных па правах чалавека Украіны і Расіі Дзмітрыя Лубінца і Таццяны Маскальковай, на якой бакі абмеркавалі пытанні гуманітарнага характару.

На сустрэчы бакі абмяняліся спісамі ваеннапалонных, таксама “адбылася рэпатрыяцыя целаў загінулых”.

Пра знаходжанне ў Беларусі 95 расійскіх вайскоўцаў, вызваленых з украінскага палону ў выніку абмену на такую ж колькасць салдат УСУ, паведаміла 18 кастрычніка Міністэрства абароны РФ. Пазней стала вядома аб вяртанні расіян на радзіму.

Падзяліцца: