Мінск 17:09

Ва ўсіх ВНУ з ваеннымі факультэтамі і кафедрамі будуць рыхтаваць аператараў БПЛА

Фота: Мінабароны

30 снежня, Позірк. Стварэнне спецыялізаваных класаў падрыхтоўкі аператараў беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА) на ваенных факультэтах і кафедрах усіх вышэйшых навучальных устаноў Беларусі анансаваў начальнік упраўлення прымянення і развіцця беспілотных авіяцыйных комплексаў Узброеных сіл Міхаіл Бранскі.

З такой заявай ён выступіў 30 снежня на адкрыцці спецкласа на ваенным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР), паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Паводле слоў Бранскага, з дапамогай спецкласаў будзе “закрытая патрэба” УС у аператарах БПЛА.

Военачальнік таксама паведаміў, што “ўсе афіцэры запасу будуць мець кваліфікацыю аператара беспілотнага лятальнага апарата”.

Ён дадаў, што “спецыялістаў, якія будуць выкладаць”, пачалі рыхтаваць у 927-м цэнтры падрыхтоўкі і прымянення беспілотных авіяцыйных комплексаў, а таксама на ваенным факультэце ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.

Паведамляецца, што заняткі з першым наборам студэнтаў у БДУІР пачнуцца 1 лютага 2025 года. Да 1 верасня плануецца абсталяваць яшчэ 16 спецкласаў у кожнай навучальнай установе, дзе ёсць ваенны факультэт або кафедра.

Як паведаміў начальнік упраўлення ваеннай адукацыі УС Андрэй Клішэвіч, на базе Ваеннай акадэміі таксама адкрываецца кафедра, дзе будзе ажыццяўляцца “падрыхтоўка курсантаў базавага ўзроўню і спецыяльны паглыблены курс у залежнасці ад ваеннай спецыяльнасці”.

На адкрыцці класа прысутнічалі міністр абароны Віктар Хрэнін і міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Актывізацыя падрыхтоўкі аператараў дронаў адбываецца на фоне частых залётаў расійскіх баявых БПЛА на тэрыторыю Беларусі.

29 верасня намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДТСААФ Сяргей Петрусеў у эфіры тэлеканала СТБ паведаміў, што ў 2026 годзе ў ДТСААФ (Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту) плануюць рыхтаваць аператараў БПЛА для сілавых структур.

7 кастрычніка на арганізаванай Мінабароны нарадзе з рэктарамі ўстаноў вышэйшай адукацыі абмяркоўвалася падрыхтоўка аператараў беспілотных лятальных апаратаў, у тым ліку стварэнне спецыялізаванай кафедры ў Ваеннай акадэміі.

15 лістапада Бранскі заяўляў, што ў Беларусі “паспяхова вырашылі праблему з ударнымі БПЛА”. УС, паводле яго слоў, сёлета “шчыльна працавалі” з прадпрыемствамі Дзяржкамваенпрама, значная колькасць узораў, якія распрацоўваюцца на замову войска беларускімі прадпрыемствамі, “ужо прынятая на ўзбраенне”.

Падзяліцца: