Мінск 17:32

Блізкія экстрадаванага з В’етнама экс-добраахвотніка Верамейчыка дамагаюцца ўключэння яго ў абменныя спісы Украіны

Фота: старонка Васіля Верамейчыка ў "Фэйсбуку"

30 снежня, Позірк. Блізкія экстрадаванага з В’етнама экс-байца палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка працуюць над тым, каб яго імя было ўключана ў абменныя спісы Украіны. Пра гэта рускай службе “Бі-бі-сі” паведаміла жонка былога добраахвотніка Яўгенія Верамейчык.

Паводле яе слоў, “важна, каб знайшлася дзяржава, якая “ўпішацца” за чалавека”.

“У нашым выпадку гэта абсурдна, таму што Вася — грамадзянін Беларусі, але Беларусі ён дакладна не патрэбны. Таму нам трэба знайсці дзяржаву”, — адзначыла яна, падкрэсліўшы, што разлічваць нельга таксама на Літву, дзе мужчыну раней прызналі пагрозай нацбяспекі.

“Мы працуем, каб зняць забарону (Украіна раней забараніла экс-добраахвотніку ўезд на сваю тэрыторыю, дэталі невядомыя. — “Позірк”.), уключыць у абменныя спісы, а далей — прасунуць уверх па абменных спісах”, — сказала Верамейчык.

Кіраўнік Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Сейма Літвы Гедрымас Яглінскас, каментуючы ў сюжэце сітуацыю з Верамейчыкам, заявіў, што ў яго няма прычын сумнявацца ў высновах спецслужбаў краіны. “Інфармацыя, якую яны падалі, правільная. На мой погляд, гэта правільнае рашэнне, — сказаў Яглінскас. — <…> Я б спытаў, чаму не было якаснай праверкі гэтага чалавека, бо гэта сапраўды магло быць прыкрыццём, гэта ідэальны план”.

Верамейчык у 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах у Беларусі, затым пераехаў ва Украіну, дзе пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў і стварэння палка Каліноўскага служыў намеснікам камандзіра батальёна “Волат”. Быў паранены, мае ўзнагароды.

У 2024 годзе, пасля заканчэння службы, Верамейчык быў абраны ў Каардынацыйную раду і стаў сузаснавальнікам Асацыяцыі беларускіх ветэранаў.

Паводле даных “Позірку”, пасля адмовы Літвы ў прадстаўленні права на жыхарства Верамейчык у кастрычніку гэтага года беспаспяхова спрабаваў трапіць у Грузію з Турцыі.

Літва прызнала яго пагрозай нацыянальнай бяспецы праз тое, што ў 2010–2016 гадах ён служыў у беларускім войску. Яму была выдадзеная забарона на ўезд у ЕС на 30 месяцаў.

Аб экстрадыцыі 34-гадовага былога добраахвотніка з В’етнама стала вядома 20 лістапада. Паводле інфармацыі “Блока Пракоп’ева-Ягорава” ў Каардынацыйнай радзе, яго член Верамейчык быў затрыманы ў Хашыміне 13 лістапада.

27 лістапада праваабаронцы прызналі былога добраахвотніка палітвязнем.

Падзяліцца: