Мінск 20:02

Латушка назваў “абсалютным палітыканствам” прапановы аб зняцці санкцый з рэжыму Лукашэнкі

Крыніца: тэлеграм-канал Паўла Латушкі

30 снежня, Позірк. “Абсалютным палітыканствам” назваў прапановы аб зняцці санкцый з рэжыму Аляксандра Лукашэнкі намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

У эфіры свайго ютуб-канала палітык звязаў недарэчнасць такога падыходу з расійскай агрэсіяй ва Украіне.

“Ну, добра, давайце здымем санкцыі з Лукашэнкі, і што тады? Паток тавараў пойдзе прамой дарожкай у Расійскую Федэрацыю. Расія чаканіць зброю і далей забівае ўкраінцаў”, — сказаў Латушка.

“І гэта сур’ёзная прапанова? — дадаў ён. — <…> Калі чалавек адначасова кажа: я за перамогу Украіны, але я прапаную зняць санкцыі з рэжыму Лукашэнкі… [Прапаную] даць магчымасць, каб праз Беларусь Расія атрымлівала абсталяванне, усе неабходныя тэхналогіі (якія, на жаль, і так туды ідуць) і вырабляла зброю. Ну, тут не балансуецца”.

Латушка падкрэсліў, што “зняць санкцыі можна”, але для гэтага “трэба мяняць палітыку”, і “першы крок” павінен зрабіць Лукашэнка.

“З нагоды палітычных зняволеных я перакананы, што [памілаванне Лукашэнкі часткі з іх] — гэта ў тым ліку <…> эфект ціску [дэмсіл]. Чаму ён іх вызваляе? Такім чынам ён жа спрабуе даваць нейкія сігналы, так? Ён вызваляе людзей, разумеючы, што ёсць санкцыі”, — адзначыў намеснік кіраўніка АПК.

Паводле яго слоў, вызваляючы палітвязняў Лукашэнка “хоча стварыць у беларусаў ілюзію”. “Літаральна нядаўна такі меседж прыйшоў з Беларусі, што Лукашэнка фактычна гэта робіць для ўнутранага спажывання. Ён спрабуе прадаць гэта беларусам: глядзіце, які я гуманны. Гуманны вусаты дзядуля. Раніцай устаў, падумаў, пачухаў сабе там лысіну і вырашыў вызваліць ні ў чым не вінаватых людзей”, — удакладніў Латушка.

“Мы ж ведаем, што яны не вінаватыя, а ён іх мілуе. Аб якім памілаванні можа ісці гаворка? <…> Але ён іх мілуе, прымушае пісаць звароты. Правільна, трэба пісаць [прашэнні аб памілаванні], таму што галоўнае — свабода, здароўе чалавека. Але фактычна Лукашэнка дае пасыл у грамадства, у тым ліку падчас сваёй так званай выбарчай кампаніі: я гуманны, я вызваляю частку палітвязняў”.

Частка дэмакратычнага руху ў выгнанні дапускае змякчэнне санкцыі ў дачыненні да Мінска ў абмен на вызваленне палітвязняў, матывуючы гэта тым, каб стратэгія ціску на беларускія ўлады не прыносіць выніку.

12 снежня на канферэнцыі высокага ўзроўню “Разам з народам Беларусі” ў Брусэлі сузаснавальніца Асацыяцыі сваякоў і былых палітвязняў Таццяна Хоміч (сястра Марыі Калеснікавай) заявіла, што памілаванне палітвязняў — “гэта сігнал, на які трэба адказаць каардынаванымі дзеяннямі, каб працэс працягваўся”.

Яна прапанавала “вітаць кожнае вызваленне як важнае гуманітарнае дасягненне, умацаваць дыпламатычныя намаганні для далейшых вызваленняў і пошуку рашэнняў, выкарыстоўваць гнуткія і стратэгічныя падыходы — уключаючы магчымасць паслаблення санкцый, калі гэта дапаможа гуманітарным намаганням”.

“У турмах застаецца больш за 1.300 палітвязняў, рэпрэсіі і новыя арышты працягваюцца, асабліва напярэдадні выбараў. Жыцці палітвязняў і дэмакратычная будучыня Беларусі залежаць ад сумесных дзеянняў”, — сказала Хоміч.

З пачатку ліпеня было памілавана 227 чалавек.

Падзяліцца: