Мінск 21:11

Улады разглядаюць тры варыянты рэгулявання цэн — ад больш жорсткага да ліберальнага, заяўляе кіраўнік МАРГ

Ілюстрацыйнае фота: 1prof.by

31 снежня, Позірк. Урад рыхтуе тры варыянты трансфармацыі сваёй пастановы № 713 ад 19 кастрычніка 2022 года — “ад найбольш жорсткага да больш, так бы мовіць, ліберальнага”, заявіў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў 30 снежня ў эфіры тэлеканала СТБ.

“У залежнасці ад той, відаць, размовы, якая будзе адбывацца ў анансаванай прэзідэнтам нашай краіны нарадзе, і будзе прынятае рашэнне аб дапрацоўцы ці нейкай, напрыклад, кампіляцыі гэтых трох [варыянтаў] у нейкі адзіны, і мы атрымаем ужо новую сістэму рэгулявання цэн”, — заявіў чыноўнік.

Багданаў сцвярджае, што такая палітыка цэнаўтварэння, як зараз у Беларусі, “выкарыстоўваецца ў многіх краінах свету”, аднак прывёў толькі адзін прыклад. “Наш досвед ужо капіююць, — сказаў міністр. — Вось літаральна навіна сённяшняга-ўчорашняга дня. [Аб’яднаныя] Арабскія Эміраты на дзевяць таварных груп увялі жорсткае цэнавае рэгуляванне за прадвышэнне цэн на паўгода. Таму, у прынцыпе, такая практыка, яна дастаткова рыначная”.

Паводле слоў кіраўніка МАРГ, ўлады “ўжо на фінішы знаходзяцца з тарыфным сшыткам, у якім будуць закладзены асновы тарыфнай палітыкі і росту інфляцыі на 2025 год”.

“Паводле ўказа кіраўніка дзяржавы, нагадаю, яна не павінна перавысіць 5% — задача даволі складаная, улічваючы, што ў суседзяў на сённяшні дзень інфляцыя знаходзіцца на граніцы двухзначнага значэння”, — адзначыў чыноўнік.

Наведваючы 30 снежня новы ўчастак трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна Аляксандр Лукашэнка анансаваў на пачатак студзеня нараду з урадам па “выпрацоўцы справядлівага цэнаўтварэння”.

“Не стрымліванню цэн [будзе прысвечана], — сказаў ён. — Можа, нават не рэгуляванне цэн. Але мусіць быць формула цэнаўтварэння ў Беларусі, каб не было так, як раней: чалавек не паспеў заробак атрымаць — ужо цэны недзе выраслі. Гэтага быць не павінна”.

Паводле яго слоў, цяпер сітуацыя з цэнамі “больш-менш нармальная”. “Але павінна справядлівая быць цана. Формула справядлівага цэнаўтварэння — перад урадам пастаўлена задача”, — заявіў спікер.

6 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту цэн”.

Пастановай урада ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 было ўведзена рэгуляванне цэн на тавары ўсяго спажывецкага кошыка. Пазней з яго былі выключаныя некаторыя групы тавараў, падкарэктаваныя правілы рэгулявання коштаў.

Пастанова № 713 можа быць скасаваная “ў недалёкай будучыні”, заявіў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў на пасяджэнні Савета па развіццю прадпрымальніцтва пры ўрадзе 31 кастрычніка 2024 года.

Паводле даных статыстычных органаў у лістападзе гадавая інфляцыя склала: у Беларусі — 5,5%, Латвіі — 2,2%, Літве — 1,1%, Польшчы — 3,9%, Расіі — 8,9%, Украіне — 11,2%.

Падзяліцца: