Мінск 10:28

Беларусь у чарговы раз выплаціла працэнты па еўрабондах рублямі замест долараў

Ілюстрацыйнае фота: "Эканамічная газета"

31 снежня, Позірк. Пра выплату 27 і 30 снежня працэнтнага даходу па еўрааблігацыях Belarus-2027 у памеры 22,8 млн долараў у эквіваленце паведаміла Міністэрства фінансаў.

Прэс-служба ведамства адзначыла, што “сродкі ў поўным аб’ёме” залічаныя на асобны банкаўскі рахунак у “Беларусбанку”.

27 снежня Мінфін абвясціў пра правядзенне першага замяшчэння беларускіх еўрааблігацый (тэрмін пагашэння — 29 чэрвеня 2027 года) на дзяржаўныя аблігацыі. “Дзяржаўныя аблігацыі выпуску № 331 на суму 240,4 млн долараў пераведзеныя ва ўліковую інфраструктуру Нацыянальнага разліковага дэпазітарыя (РФ) для залічэння на рахункі трымальнікаў еўрааблігацый”, — адзначыла ведамства.

Замена праведзена 1.760 трымальнікам, якія прайшлі верыфікацыю ў Рэспубліканскім цэнтральным дэпазітарыі каштоўных папер (Беларусь). “У рамках замены выплачваецца раней акумуляваны працэнтны даход з улікам пацвярджэння трымальнікамі правоў валодання гэтымі каштоўнымі паперамі на адпаведныя даты выплат даходу”, — падкрэсліў Мінфін.

28 чэрвеня 2022 года Савет міністраў і Нацыянальны банк прынялі сумесную пастанову, згодна з якой “выкананне даўгавых абавязацельстваў па дзяржаўных каштоўных паперах, размешчаных на знешніх фінансавых рынках, будзе ажыццяўляцца ў беларускіх рублях па курсе Нацбанка на дату плацяжу”.

З таго часу Беларусь практыкуе пералічэнне плацяжоў па даўгах у рублях на спецрахунак у “Беларусбанку”.

Улады настойваюць, каб плацежны агент самастойна забіраў сродкі з гэтага рахунку і разлічваўся з інвестарамі. Кампаніі Citigroup і Citibank адмовіліся выступаць агентамі ў дачыненні да беларускіх еўрабондаў.

Неўзабаве пасля гэтага міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы Fitch Ratings і Moody’s панізілі крэдытны рэйтынг Беларусі: першае заявіла, што дэфолт у краіне непазбежны, другое назвала сітуацыю дэфолтам.

Беларусь “сутаргава шукае рашэнні, як выканаць абавязацельствы перад інвестарамі”, што набылі беларускія еўрааблігацыі, заявіў дарадца-пасланнік амбасады Беларусі ў РФ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Шпакоўскі ў інтэрв’ю ютуб-каналу “Минск-Москва | Прямой эфир” 29 ліпеня.

“Беларусь апынулася ў форс-мажорнай сітуацыі. На момант набыцця гэтых еўрабондаў юрыдычных рашэнняў пра ўвядзенне санкцый не было. Мы цяпер, як і Расія, знаходзімся пад санкцыямі Захаду. Зразумела, што на сённяшні дзень патрабаваць выконваць гэтыя абавязацельствы ў замежнай валюце, як мне падаецца, некарэктна”, — сказаў ён.

Падзяліцца: