Мінск 18:23

У Іране падзякавалі за запрашэнне назіраць за выбарамі ў Беларусі і згадалі дэмакратычныя стандарты

31 снежня, Позірк. Амбасадар Беларусі ў Іране Дзмітрый Кальцоў падчас сустрэчы з намеснікам міністра ўнутраных спраў Ірана па палітычных пытаннях Алі Зейнівандам запрасіў суразмоўцу прыняць удзел у якасці міжнароднага назіральніка на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, запланаваных на 26 студзеня 2025 года, паведаміла іранскае афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва ІРНА.

Адзначаецца, што Зейніванд выказаў удзячнасць за запрашэнне і адзначыў, што выбары ў Іране праводзяцца ў межах дэмакратычных стандартаў і забяспечваюць высокі ўзровень бяспекі. Ён падкрэсліў, што выбарчы працэс ажыццяўляецца пад кантролем Міністэрства ўнутраных спраў, Рады вартавых і Ісламскай рады (парламента. — “Позірк“.), забяспечваючы ўдзел усіх палітычных партый і груп.

Ці прыняў суразмоўца запрашэнне беларускага дыпламата, не ўдакладняецца.

Апошнія прэзідэнцкія выбары ў Іране адбыліся ў чэрвені-ліпені 2024 года. Яны былі датэрміновымі ў сувязі з гібеллю прэзідэнта краіны Эбрагіма Раісі ў авіякатастрофе 19 траўня.

Нягледзячы на шматлікія прагнозы, перамогу ў другім туры выбараў атрымаў прадстаўнік рэфарматараў Масуд Пезешкіян, якога падтрымала каля 53% выбаршчыкаў, што ўзялі ўдзел у галасаванні. Такім чынам, у краіне склалася немагчымая для сучасных палітычных рэалій Беларусі сістэма, калі прэзідэнт і кансерватыўная парламенцкая большасць (так званыя “прынцыпалы“) знаходзяцца ў апазіцыі адно да аднаго (Эбрагім Раісі быў прадстаўніком кансерватыўнага крыла).

Пры гэтым прэзідэнт не з’яўляецца кіраўніком дзяржавы ў Іране. Краіну ачольвае вярхоўны лідар (рахбар), якога, у сваю чаргу, абірае Рада экспертаў — спецыяльны дзяржаўны орган, які складаецца з 88 уплывовых багасловаў. Орган выбіраецца на ўсеагульных выбарах на васьмігадовы тэрмін.

Пры гэтым МУС Ірана фактычна выконвае ролю Цэнтрвыбаркама, а згаданая Зэйнівандам Рада вартавых з’яўляецца спецыяльным надпарламенцкім органам улады, які складаецца з 12 чалавек, 6 з якіх прызначаюцца вярхоўным лідарам, а 6 — парламентам.

Сярод іншага, Рада вартавых зацвярджае кандыдатаў на ключавыя пасады ў краіне, у тым ліку прэзідэнта, дэпутатаў парламента, сябраў Рады экспертаў і міністраў урада.

Варта адзначыць, што Рада вартавых не дапусціла цяперашняга прэзідэнта Ірана Пезешкіяна да ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2021 года, перамогу на якіх атрымаў Раісі.

Падзяліцца: