Мінск 18:58

Польшча ўвяла санкцыі ў дачыненні да зарэгістраванага на Кіпры пастаўшчыка беларускага карбаміду

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

31 снежня, Позірк. Зарэгістраваная на Кіпры кампанія ROSTUMEL HOLDING LIMITED унесена ў санкцыйны спіс Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі (МУСіА) Польшчы на патрабаванне кіраўніка Нацыянальнай падатковай адміністрацыі (НПА) за гандаль карбамідам беларускага паходжання вытворчасці ААТ “Гродна Азот”. Пра гэта паведаміў сайт падатковага ведамства.

Прычынай уключэння ў спіс сталі дзейныя санкцыі ЕС у дачыненні да згаданага беларускага вытворцы. Адзначаецца, што НПА заблакавала больш за 70% раней увезенага з Беларусі карбаміду.

Уключэнне ў польскі санкцыйны спіс азначае замарозку ўсіх наяўных на тэрыторыі Польшчы фінансавых і эканамічных рэсурсаў кампаніі і забарону іх далейшага выдаткавання; забарона на ўдзел у дзейнасці, накіраванай на абыход абмежаванняў, а таксама выключэнне кампаніі з дзяржаўных закупак ці конкурсных працэдур.

18 снежня Польшча ўвяла санкцыі ў дачыненні да кампаній LLC World Chem Trading Co. (зарэгістраваная ў Дубаі), “ТэхнаспецтрэйдзінгЭкспарт” і “Тэхнаспецтрэйдзінг”. У тлумачэнні адзначалася, што ўсе яны пастаўляюць азотныя ўгнаенні з Беларусі.

29 лістапада Польшча дадала ў санкцыйны спіс экспарцёра азотных угнаенняў ТАА “НФТ”.

28 кастрычніка Міністэрства дзяржмаёмасці Польшчы звярнулася да Міністэрства развіцця і тэхналогій з просьбай падаць у Еўракамісію заяўку на ўвядзенне 30-працэнтнай мытнай пошліны на імпарт угнаенняў з Беларусі і Расіі.

Паводле звестак польскага выдання money.pl, за сем месяцаў 2024 года Польшча імпартавала з Беларусі 185,5 тыс. тон угнаенняў. За той жа перыяд 2023 года краіна набыла 13,4 тыс. т беларускіх угнаенняў. Такім чынам, за год імпарт вырас амаль у 14 разоў. З Расіі Польшча імпартавала 721,5 тыс. т угнаенняў (рост у 2,9 раза; 246,7 тыс. т).

Пры гэтым чыстая страта польскага вытворцы ўгнаенняў Grupa Azoty у першай палове гэтага года склала 748 млн злотых (каля 187 млн долараў ЗША).

Беларусь па выніках першай паловы 2024 года знаходзілася на трэцім месцы па аб’ёме паставак у Польшчу азотных угнаенняў, саступаючы Расіі і Германіі, але апераджаючы Літву, Алжыр, Венгрыю, Нідэрланды, Казахстан і Нігерыю.

Беларускія камбінаваныя ўгнаенні ў студзені — чэрвені 2024 года занялі шостую пазіцыю на польскім рынку, саступіўшы Марока, Расіі, Фінляндыі, Нідэрландам і Літве, апярэдзіўшы Нарвегію.

Падзяліцца: