Мінск 00:52

Ціханоўская: Мы ўсе больш баімся, што перастаем адчуваць адно аднаго і страчваем агульную мову

Стоп-кадр відэазапісу звароту: "Позірк"

1 студзеня, Позірк. “Апошнія чатыры гады сталі для многіх беларусаў сапраўдным выпрабаваннем. Спачатку цяжкасці гуртавалі нас. Але паступова камунікаваць адно з адным станавілася ўсе складаней”, — заявіла Святлана Ціханоўская ў навагоднім звароце да суайчыннікаў, які яна прысвяціла таму, што “блізка і зразумела кожнаму — сям’і”.

Паводле слоў дэмакратычнага лидара, год за годам, забыўшыся пра сваркі і разыходжанні, беларусы сустракалі Новы год за адным сталом, але цяпер гэта часта немагчыма.

“Адзін працягвае штодзённа крытыкаваць рэжым. Іншы абірае падманлівае пачуццё бяспекі і пазбягае размоваў пра палітыку. Адна смела імкнецца размаўляць на роднай мове. Іншая вучыць не высоўвацца, каб не наклікаць бяды. Хтосьці лічыць, што зрабіў недастаткова — і кожны дзень крытыкуе сябе за гэта. А хтосьці вымушана з’ехаў, бо адкрыта выказваў сваё меркаванне”, — прывяла тыповыя прыклады Ціханоўская.

Яна абмалявала жыццё сем’яў, падзеленых з-за вымушанай эміграцыі: “Мы тэлефануем бацькам кожны тыдзень, дасылаем дзецям фотаздымкі хатніх жывёл, плануем сустрэчы раз на год, просім знаёмых перадаць закаткі”. Але “гэтыя маленькія жэсты клопату не заменяць сапраўдную сям’ю — сям’ю, якой сёння дзяржава перашкаджае быць разам”.

Пасярод “бясконцых турботаў” — “трывога аб пратэрмінаваным пашпарце, змаганні за візу, каб пабачыць родных, выплата рэжыму бясконцых штрафаў, месяцы пошукаў працы на новым месцы” — “мы ўсё больш баімся, што перастаем адчуваць адно аднаго і страчваем агульную мову”, канстатавала Ціханоўская.

“30 гадоў дыктатуры прымусілі нас сумнявацца і спрачацца адно з адным, — сказала яна. — Страх застацца незразумелымі перашкаджае нам зблізіцца. Мы баімся, што развучыліся дарыць цяпло і клопат. Боль і стомленасць робяць нас самотнымі і закрытымі”.

“Жыць крыўдамі прасцей, чым наладжваць адносіны і падтрымліваць адно аднаго. Але так важна працягваць шукаць і знаходзіць паразуменне”, — заклікала дэмлідар.

На яе думку, беларусаў аб’ядноўваюць іх край і іх нораў. “Наша сям’я — гэта не толькі людзі, родныя нам па крыві. Гэта нашыя сваякі, сябры, нашыя калегі і суседзі. Гэта і ёсць сапраўдная сутнасць нашага народа: бачыць блізкіх ва ўсіх беларусах навокал. Бачыць чужое гора як сваё і імкнуцца дапамагаць адно аднаму. Выручаць суседзяў падчас ліпеньскай паводкі. Даглядаць за дзецьмі палітвязняў. А тых, хто выйшаў, падтрымліваць пасля гадоў калоніі. Збіраць на лекі цяжкахворым. Дапамагаць сем’ям, якія з’ехалі, інтэгравацца ў новае асяроддзе. Яднацца супраць беззаконня і гвалту”, — заявіла Ціханоўская.

“Наш шлях цярністы і заблытаны, але мы як сапраўдная сям’я яго пераадолеем”, — сказала яна на заканчэнне.

У звароце напярэдадні 2024 года Ціханоўская адзначыла, што ў яе няма адказаў на ўсе пытанні і яна не стане казаць, што ўсё будзе добра.

Падзяліцца: