Мінск 02:31

Германія прыпыніла дзеянне пагаднення з Беларуссю аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання (дапоўнена)

Ілюстрацыйнае фота: prometheus / unsplash.com

дададзеныя абзацы 8–10

2 студзеня, Позірк. Федэральны ўрад Германіі паведаміў Беларусі пра прыпыненне з 1 студзеня 2025 года дзеяння пагаднення аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання ў дачыненні да падаткаў на даходы і маёмасць, паведамляепрэс-служба Міністэрства фінансаў ФРГ.

Ведамства звярнула ўвагу на той факт, што 1 чэрвеня 2024 года Мінск прыпыніў “дзеянне асобных палажэнняў” гэтага пагаднення.

“Рэспубліка Беларусь не выканала патрабаванне ўрада Германіі аб аднаўленні дзеяння гэтых палажэнняў, — гаворыцца ў паведамленні. — Урад Германіі разглядае гэта як істотнае парушэнне пагаднення ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй аб праве міжнародных дагавораў. Калі Рэспубліка Беларусь скасуе частковае прыпыненне дзеяння пагаднення, урад Германіі разгледзіць магчымасць скасавання поўнага прыпынення пагаднення”.

Згаданае пагадненне было падпісанае 30 верасня 2005 года і набыло моц 31 снежня 2006-га. Гэтым дакументам бакі замацавалі жаданне “садзейнічаць развіццю ўзаемных эканамічных сувязей шляхам ліквідацыі падатковых перашкодаў”.

У Германіі дзеянне пагаднення распаўсюджвалася, напрыклад, на падаходны падатак (Einkommensteuer), падатак з карпарацый (Korperschaftsteuer), падатак на капітал (Vermogensteuer) і прамысловы падатак (Gewerbesteuer), у Беларусі — на падатак на даходы і прыбытак, падаходны падатак з фізічных асоб, падатак на нерухомасць і зямельны падатак.

7 сакавіка 2024 года Савет міністраў прыняў пастанову № 164 “Аб пытаннях падаткаабкладання”, якая ў тым ліку прыпыніла да канца 2026 года “выкананне палажэнняў міжнародных пагадненняў аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання” адносна 27 краін Захаду, у тым ліку Германіі (адпаведны пункт набыў моц у чэрвені).

Дакумент часова спыніў дзеянне арт. 10 пагаднення — аб дывідэндах, арт. 11 — аб працэнтах, а таксама арт. 13 — аб даходах ад адчужэння маёмасці.

17 снежня 2024 года Міністэрства фінансаў Злучаных Штатаў Амерыкі абвясціла пра афіцыйнае апавяшчэнне Мінска ў тым, што часткова прыпыняе дзеянне Канвенцыі аб падатках 1973 года. Дакумент быў падпісаны з СССР, часткай якога на той момант была Беларусь.

Мінфін ЗША удакладніў, што прыпынена дзеянне падпункта “g” п. 1 арт. III, які вызначаў, што “працэнты па крэдытах, пазыках і іншых відах запазычанасці, звязаных з фінансаваннем гандлю паміж ЗША і СССР” (у гэтым выпадку — Беларуссю), атрыманыя з крыніц у адной краіне рэзідэнтам іншай, абкладаюцца падаткам толькі ў той іншай краіне. Выключэннем былі выпадкі, калі рэзідэнт адной краіны атрымліваў даход ад вядзення агульнага банкаўскага бізнесу ў іншай дзяржаве, што падпісала пагадненне.

Амерыканскае фіскальнае ведамства адзначыла, што яго дзеянні — адказ на датаванае 21 сакавіка 2024 года апавяшчэнне з боку Беларусі пра жаданне прыпыніць дзеянне пазначанай нормы канвенцыі (адпаведнае рашэнне ўтрымліваецца ў згаданай вышэй пастанове Савета міністраў № 164).

Падзяліцца: