Мінск 21:10

Зяленскі: Лукашэнка пераклаў віну на Пуціна за ракетныя ўдары з Беларусі, прапаноўваў адказаць ударам па Мазырскім НПЗ

Уладзімір Зяленскі паказвае Аляксандра Лукашэнку, які выбачаецца
Стоп-кадр відэазапісу інтэрв'ю "Позірк"

6 студзеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка выбачаўся за ракетныя ўдары па Украіне з Беларусі і абвінавачваў у гэтым Уладзіміра Пуціна. Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю амерыканскаму журналісту і навукоўцу Лексу Фрыдману (пры нараджэнні — Аляксей Фядотаў, бацькі маюць украінскія і яўрэйскія карані, сам нарадзіўся ў Таджыкістане).

Пра перамовы з Лукашэнкам Зяленскі ўзгадаў, разважаючы пра паралелі паміж пачаткам уварвання Гітлера ў СССР і Пуціна ва Украіну.

“Крыху пазней, дарэчы, праз некалькі дзён, першых дзён вайны, я размаўляў з Лукашэнкам па тэлефоне. І ён выбачаўся. І ён казаў, што гэта не я, з маёй тэрыторыі пускалі ракеты, і пускаў Пуцін. Гэта яго словы. У мяне ёсць сведкі (Зяленскі не ўдакладніў, гэта сведкі ў яго ці ў Лукашэнкі. — “Позірк”.). І я выбачаюся, ён сказаў. “Ты павер, — ён мне казаў, — ты павер, Валодзя, гэта не я“. “Я не кантралюю, — ён мне казаў, — я не кантралюю, гэта проста ракеты, гэта Пуцін. Я яму казаў: не трэба. Гэта было без мяне”. Ён (Лукашэнка. — “Позірк”.) проста па тэлефоне, я памятаю тую размову, я яму сказаў, што я лічу, я яму сказаў, што ты такі ж забойца і я табе прама кажу. А ён мне казаў: зразумей, нельга ваяваць з расіянамі. Я яму сказаў: мы ніколі не ваявалі. Вайна, ракеты прыляцелі, кажу, з тваёй зямлі, з Беларусі, як ты дапусціў?” — сказаў Зяленскі (цытата прыведзеная без скарачэнняў і правак).

“Ён (Лукашэнка. — “Позірк”.) кажа: “Ну, добра, адказвай у адказ”, — ён мне сказаў. Я дагэтуль памятаю, ён мне кажа: Удар па нафтаперапрацоўчым заводзе, ты ж ведаеш, як шмат ён для мяне значыць. Мазырскі ці як, вы не памятаеце? Мазырскі завод. Я яму кажу: ты пра што кажаш? Які адказ?” — дадаў Зяленскі.

Лукашэнка адкрыта падтрымлівае агрэсію Расіі супраць Украіны. З тэрыторыі Беларусі 24 лютага 2022 года ўварвалася буйная групоўка расійскіх войскаў (паводле заявы Лукашэнкі — 20-тысячная, паводле ацэнак украінскага боку — 70-тысячная). Увесну таго ж года ўкраінскія войскі вызвалілі паўночныя тэрыторыі. Удары з Беларусі апошнія два гады не наносяцца.

7 красавіка 2022 года на пасяджэнні Савета Бяспекі Беларусі Лукашэнка заявіў, што “абсалютна правамерна задзейнічаны механізм ваеннай падтрымкі ў рамках нашага Саюза Беларусі і Расіі”, пры гэтым статус памагата агрэсара ён назваў “бяздоказным і безпадстаўным”.

Падзяліцца: