Мінск 07:46

Ціханоўская пра Бабарыку: Спыненне інкамунікада — крок да таго, каб спыніць жах у краіне

Фота з тэлеграм-канала Пратасевіча

8 студзеня, Позірк. “Неймаверным шчасцем” назвала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская магчымасць пабачыць палітвязня Віктара Бабарыку, які доўгі час утрымліваўся ў рэжыме інкамунікада. Такім чынам яна адрэагавала на відэазапіс з экс-прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта.

“Але жудасна разумець: рэжым выкарыстоўвае людзей, якія не павінны былі апынуцца за кратамі, для маніпуляцый”, — цытуе палітыка яе прэс-служба.

Паводле слоў Ціханоўскай, праз адсутнасць якіх-небудзь вестачак родныя вязняў не могуць “нармальна жыць”: “Калі так балюча на волі, страшна ўявіць, што адчуваюць яны там, за кратамі”.

Кожны дзень у зняволенні, падкрэсліла яна, — гэта “страта цэлага жыцця, якое адбываецца на волі”.

“Мой муж (палітвязень Сяргей Ціханоўскі, — Позiрк.) не бачыць, якімі дарослымі ўжо сталі [дзеці] Карней і Агнія, — адзначыла дэмлідар. — Сыны Паліны Шарэнда-Панасюк растуць без цеплыні мамінага кахання. Ігар Лосік ужо 4,5 года не бачыць дачку Паўліну… Жыццё спыняецца ў цэлых сем’ях, бо рэжым ахвяруе людзьмі дзеля ўлады”.

“Пабачыць тых, хто знаходзіўся ў інкамунікада, — вялізная палёгка. Але разам з гэтым мы не можам забываць: за кратамі несправядліва застаюцца больш за 1.200 палітвязняў”, — дадала яна.

Ціханоўская мяркуе, што спыненне рэжыму інкамунікада — гэта “першы крок да таго, каб спыніць той жах, які зараз адбываецца ў краіне”.

Наступным крокам, на яе думку, павінна стаць “вызваленне тых, хто апынуўся за кратамі праз свае погляды”, а таксама “спыненне ўсіх палітычных рэпрэсій супраць беларусаў”.

Фатаграфіі з месца няволі і відэазварот экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, палітвязня Віктара Бабарыкі да родных апублікаваў 8 студзеня ў сваім тэлеграм-канале былы апазіцыйны актывіст Раман Пратасевіч.

6 ліпеня 2021 года Вярхоўны суд прыгаварыў Віктара Бабарыку да 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за “атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры” (ч. 3 арт. 430 КК) і “легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам” (ч. 2 арт. 235 КК). Палітык віну не прызнаў.

Адбывае пакаранне ў наваполацкай калоніі № 1 (Віцебская вобласць).

З лютага 2023 года Віктар Бабарыка ўтрымліваўся ў рэжыме інкамунікада, які праваабарончая супольнасць лічыць цяжкім парушэннем правоў чалавека.

9 лістапада 2024 года Бабарыку споўнілася 60 гадоў.

Падзяліцца: