Мінск 20:41

У Гомельскім раёне пачаліся зборы тэрытарыяльных войскаў

Удзельнікі збораў тэрытарыяльных войскаў у Барысаве
Ілюстрацыйнае фота: "Мінская праўда"

8 студзеня, Позірк. Навучальныя зборы з ваеннаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў пачаліся 8 студзеня ў Гомельскай вобласці, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Паводле даных ведамства, мерапрыемствы, якімі кіруе старшыня райвыканкама Дзмітрый Козел, будуць праходзіць да канца месяца.

Падчас збораў плануецца “аднавіць навыкі каманднага складу тэрытарыяльных войскаў у кіраванні падпарадкаванымі”. Паведамляецца, што будзе арганізаваны “прыём ваеннаабавязаных тэрытарыяльных войскаў і іх усебаковае забеспячэнне з задзейнічаннем мясцовай базы мабілізацыйнага разгортвання”.

Ваеннаабавязаныя, як чакаецца, пройдуць падрыхтоўку да “выканання задач, у тым ліку сумесна з інжынернымі падраздзяленнямі Узброеных сіл”.

Гомельскі раён мяжуе з Чарнігаўскай вобласцю Украіны.

Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў перыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асоб, якія прайшлі службу і знаходзяцца ў запасе.

Разам з тым міністр абароны Віктар Хрэнін на сустрэчы з кіраўніцтвам выканкамаў — Мінскага гарадскога і абласных, а таксама вайсковымі камісарамі са сталіцы і рэгіёнаў 26 траўня 2023 года ў Гомелі заявіў, што тэрытарыяльная абарона “з сістэмы, якая забяспечвае, трансфармуецца ў паўнавартасную баявую”.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння стасункаў з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Падзяліцца: