Мінск 20:13

Урад на 70% знізіў пошліны на вываз шэрагу вуглевадародаў

Ілюстрацыйнае фота: "Віцебскаблгаз"

9 студзеня, Позірк. Мытныя пошліны на шэраг вуглевадародаў, якія вывозяцца з Беларусі за межы Еўразійскага эканамічнага саюза, 1 студзеня 2025 года зніжаныя на 70%, вынікае з пастановы Савета міністраў № 1932 ад 3 студзеня.

Згодна з дакументам, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 9 студзеня, экспартная пошліна на звадкаваныя вуглевадародныя газы цяпер складае 18,5 долара за тону (на 1 снежня 2024 года — 61,7); на этан, бутан і ізабутан — 16,6 (55,5).

У гадавым вымярэнні цана на звадкаваныя вуглевадародныя газы вырасла ў 11,7 раза (на 1 студзеня 2024 года — 1,6 долара), на этан, бутан і ізабутан — у 11,9 раза (1,4 долара).

З лютага мінулага года на працягу сямі месяцаў мыты на вываз гэтых рэсурсаў былі роўныя нулю. У верасні ўрад вярнуў стаўкі — 20,8 і 18,7 долара адпаведна, у кастрычніку яны выраслі да 45,2 і 40,6. На такім узроўні яны заставаліся да снежня.

Ад пачатку 2024 года застаюцца нулявымі пошліны на вываз сырой нафты, мазуту, нафтавага бітуму, вазеліну і парафіна, адпрацаваных нафтапрадуктаў (на 1 снежня 2023 года — 24,7 долара за т), прамагоннага бензіну (13,5), таварных бензінаў, дызельнага паліва, лёгкіх, сярэдніх дыстылятаў, бензолу, талуолу, ксілолаў, змазачных аліваў (7,4).

Стаўкі разлічваюцца паводле пэўнай формулы і залежаць ад кошту сыравіны на сусветных рынках. Беларускія пошліны роўныя расійскім.

Падзяліцца: