Мінск 00:28

У Беларусі ўвялі некалькі новых прышчэпак, у тым ліку для прафілактыкі раку

Ілюстрацыйнае фота: jochenpippir / pixabay.com

9 студзеня, Позірк. Вакцынацыю ад пнеўмакокавай інфекцыі для дзяцей ва ўзросце 2, 4 і 12 месяцаў, дадатковую вакцынацыю ад коклюшу ва ўзросце 6 гадоў і вакцынацыю ад віруса папіломы чалавека (ВПЧ) для дзяўчынак 11 гадоў увялі ў нацыянальны каляндар прышчэпак, паведаміла намесніца міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Святлана Нячай.

У медустановах вядзецца запіс у лісты чакання асоб, якія жадаюць прышчапіць сваіх дзяцей ад пнеўмакокавай інфекцыі, ВПЧ-інфекцыі, коклюшу, паведаміла чыноўніца (на падставе відэазапісу, апублікаваным прэс-службай Мінздароўя). Цяпер, паводле яе слоў, праводзіцца закупка вакцын.

Арганізаваная вакцынацыя дзяўчынак 2014 года нараджэння супраць ВПЧ-інфекцыі пачнецца ў красавіку — траўні (першая доза вакцыны) і ў кастрычніку — лістападзе (другая доза).

Вакцынацыя супраць ВПЧ-інфекцыі прафілактуе рак шыйкі маткі (у 80% выпадкаў выкліканы ВПЧ). Паводле даных Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, інфікаванне ВПЧ павялічвае рызыку развіцця раку шыйкі маткі больш як у сто разоў.

На 2020 год захваральнасць на рак шыйкі маткі ў Беларусі сустракалася ў 16,5 выпадку на 100 тыс. жанчын. Сярэдні паказчык у Еўропе — 8,67 выпадку.

У ліпені 2024 года загадчыца лабараторыі анкагінекалогіі РНПЦ анкалогіі і медрадыялогіі Вольга Матылевіч паведаміла, што медыкі чакаюць зніжэння выпадкаў раку шыйкі маткі пасля пачатку масавай вакцынацыі ад ВПЧ. Паводле яе слоў, вакцынацыя ад ВПЧ “мае глабальнае значэнне”.

У Глабальнай стратэгіі СААЗ прапісаная мэта ліквідаваць рак шыйкі маткі як праблему грамадскай аховы здароўя, што вызначаецца як зніжэнне паказчыка штогадовай захваральнасці да ўзроўню 4 або менш выпадкаў на 100 тыс. жанчын. Для гэтага неабходная вакцынацыя супраць ВПЧ 90% дзяўчынак да 15 гадоў.

На канец 2021 года вакцынацыю супраць ВПЧ увялі 38 з 53 краін у Еўрапейскім рэгіёне.

У Беларусі ў рамках нацыянальнага календара прафілактычных прышчэпак апроч ВПЧ праводзіцца імунізацыя супраць 12 інфекцыйных захворванняў: вірусны гепатыт В, сухоты, коклюш, дыфтэрыя, слупняк, поліяміэліт, гемафільная інфекцыя тыпу b (ХІБ-інфекцыя), адзёр, эпідэмічны паратыт, краснуха, пнеўмакокавая інфекцыя (для асобных груп насельніцтва), грып.

Падзяліцца: