Мінск 02:05

У Віцебску пад коламі мікрааўтобуса загінуў школьнік, распачатая крымінальная справа

Фота: прэс-служба МУС

9 студзеня, Позірк. Школьнік загінуў пад коламі мікрааўтобуса 9 студзеня ў Віцебску, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Трагедыя адбылася каля 13:00 на праспекце Чарняхоўскага. Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца аўтамабіля “Мэрсэдэс Спрынтар” збіў дзіця на рэгуляваным пешаходным пераходзе, праехаўшы на забараняльны сігнал святлафора.

Паведамляецца, што хлопчык атрымаў несумяшчальныя з жыццём траўмы і памёр у медыцынскай установе.

СК апублікаваў відэазапіс, на якім бачна, што школьнік стаяў на цэнтральным участку праезнай часткі, дзе праходзяць трамвайныя пуці. У нейкі момант ён пачаў перабягаць дарогу перад транспартам, які спыніўся на другой і трэцяй палосах. У гэты час па першай паласе на вялікай хуткасці рухаўся мікрааўтобус, які і стаў прычынай гібелі хлопчыка.

Прэс-служба Міністэрства ўнутраных справаў удакладняе, што дзіцяці было 9 гадоў.

Ведамства падкрэсліла, што “кіроўцам пры праездзе рэгуляванага скрыжавання трэба няўхільна выконваць патрабаванні сігналаў святлафора”. “Калі перад пешаходным пераходам знаходзяцца транспартныя сродкі, якія спыніліся, [трэба] загадзя знізіць хуткасць і быць гатовымі да з’яўлення пешаходаў з-за транспарту, які стаіць”, — гаворыцца ў паведамленні.

Па факце аўтааварыі распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 317 КК (парушэнне правіл дарожнага руху, якое пацягнула з неасцярожнасці смерць чалавека).

Падзяліцца: