Мінск 09:28

Кіраўнік Сената Польшчы: мы выбары ў Беларусі не прызнаём (дапоўнена)

Фота: Tomasz Paczos / Канцылярыя Сената

9 студзеня, Позірк. “Псеўдавыбарамі” назвала прэзідэнцкую выбарчую кампанію ў Беларусі кіраўнік Сената Польшчы Малгажата Кідава-Блоньска на брыфінгу па выніках сустрэчы з дэмлідарам Святланай Ціханоўскай 9 студзеня ў Варшаве.

“Мы абавязаліся, што тут з польскага Сената будзе вельмі моцны сігнал і голас, што мы гэтыя выбары не прызнаем, — сказала палітык. — Нельга казаць пра свабодныя выбары, калі больш за 1,3 тыс. чалавек сядзяць у турмах — асуджаных за палітычныя погляды, за тое, што хочуць дэмакратыі (маюцца на ўвазе палітвязні, якім гэты статус прысвоілі праваабаронцы. — “Позірк”.)“.

Яна выказала надзею, што аналагічная ацэнка кампаніі прагучыць у Сейме Польшчы, а таксама ад іншых еўрапейскіх парламентаў.

“Гэтая ўлада не можа быць намі прызнаная”, — сказала Кідава-Блоньска.

Іншай вельмі важнай справай палітык назвала распрацоўку ў польскім парламенце дарожнай карты супрацоўніцтва з беларускімі дэмсіламі, прысвечанай падрыхтоўцы Беларусі да “нармальнага функцыянавання — як стварыць добрае заканадаўства, як падрыхтаваць інстытуты, якія дазволяць Беларусі паўнавартасна ўдзельнічаць у жыцці Еўрапейскага саюза“.

Размова, паводле яе слоў, таксама ішла аб адказнасці Аляксандра Лукашэнкі “за злачынствы, якія [ён] здзейсніў“: “Не можа быць так, што гэта не будзе намі асуджана. Кожны, хто парушае правы чалавека, кожны, хто парушае дэмакратычнае права, павінен за гэта панесці адказнасць і павінен быць за гэта асуджаны“.

Акрамя таго, Кідава-Блоньска заявіла аб немагчымасці прызнання якіх-небудзь дакументаў, падпісаных Лукашэнкам з Уладзімірам Пуціным: “Беларусь не можа за такія дэкларацыі як дзяржава, як грамадзяне несці адказнасць“.

Яна нагадала, што дэмакратычная Беларусь з’яўляецца адным з прыярытэтаў польскага старшынства ў ЕС у першай палове 2025 года.

Ціханоўская на брыфінгу выказалася за вывад супрацоўніцтва з Польшчай на новы ўзровень. Яна пацвердзіла працу над пагадненнем аб супрацоўніцтве дэмсіл з парламентам краіны.

“Мы таксама плануем падрыхтаваць канцэпцыю па бяспецы і адносінам Еўрасаюза і Беларусі, каб беларускі дэмакратычны рух заставаўся прыярытэтам для Еўропы“, — сказала дэмлідар.

“І, вядома, на кожнай сустрэчы з кожным палітыкам мы абмяркоўваем тэму вызвалення палітвязняў. Я ведаю, як тэма Анджэя Пачобута вельмі блізкая пані маршалку [Кідава-Блоньскай]. Гэта наш прыярытэт — людзі павінны быць на волі”, — дадала яна.

Акрамя таго, Ціханоўская адзначыла важнасць узмацнення санкцый супраць мінскага рэжыму і прыцягненне яго да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці.

На яе думку, важна павялічыць колькасць польскіх віз, якія выдаюцца беларусам. Са свайго боку палітык паабяцала падтрымку ў верыфікацыі заяўнікаў, калі гаворка ідзе аб пытаннях бяспекі.

Таксама гаворка ішла пра падтрымку тэлеканала “Белсат”.

Выбары 26 студзеня Ціханоўская назвала фарсам, Лукашэнку — нелегітымным дыктатарам, які захапіў уладу шляхам гвалту і павінен быць “ізаляваны, а не легітымізаваны“.

Яна нагадала аб працягу масавых рэпрэсій і штодзённых затрыманняў з палітычных матываў: “Рэпрэсіі нават узмацніліся. Таму што Лукашэнка вельмі баіцца паўтарэння 2020 года. Гэта была вельмі цяжкая псіхалагічная траўма для яго. Таму ўжо цяпер гэтая кампанія лукашэнкаўская нагадвае больш ваенную аперацыю, чым падрыхтоўку да выбараў“.

У такіх умовах, на думку палітыка, немагчыма, каб людзі выйшлі на вуліцу пратэставаць: “Гэта будзе яшчэ больш ахвяр, яшчэ больш палітвязняў”.

Напярэдадні Ціханоўская сустрэлася з кіраўніком польскага Сейма Шымонам Галаўней.

Як паведаміла прэс-служба ніжняй палаты парламента, бакі падкрэслілі, што “беларуская апазіцыя павінна падаваць моцныя сігналы на міжнароднай арэне і прыцягваць увагу іншых краін да бягучай сітуацыі ў Беларусі“.

Падзяліцца: