Мінск 15:39

Лукашэнка назваў “найвялікшым подзвігам” перавод Мінска на артэзіянскую ваду

Крыніца: thisismoney.co.uk

10 студзеня, Позірк. Перавод гарадоў на водазабеспячэнне з артэзіянскіх крыніц параўнальны па маштабнасці праекта з “запускам спадарожнікаў і будаўніцтвам атамных станцый”. Такую заяву зрабіў Аляксандр Лукашэнка 10 студзеня падчас урачыстага пуску артэзіянскай вады для забеспячэння Мінска.

Цырымонія прайшла на новай помпавай станцыі “Шчомысліца”. Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, у ёй таксама ўдзельнічалі старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў і дырэктар УП “Мінскводаканал” Фёдар Рымашэўскі.

“Кажуць, у нас няма карысных выкапняў. Самы вялікі карысны выкапень у нас — чыстая вада. Забяспечыць мегаполіс амаль у два мільёны чалавек абсалютна артэзіянскай вадой — гэта найвялікшы подзвіг нашага пакалення”, — сказаў Лукашэнка.

18 ліпеня 2023 года першы намеснік дырэктара — галоўны інжынер “Мінскводаканала” Антон Галаскок заявіў, што праект па пераводзе Мінска на артэзіянскую ваду “знаходзіцца ў актыўнай стадыі рэалізацыі”.

Да канца 2025 года ўсе жыхары Беларусі, у тым ліку Мінска, будуць забяспечаны пітной вадой з падземных крыніц, заявіла намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага вытворчага аб’яднання “Белводаканал” Ірына Роўба 20 сакавіка 2023 года.

Паводле яе слоў, у рамках дзяржаўнай падпраграмы “Чыстая вада” ажыццяўляецца перавод усіх спажыўцоў сталіцы на ваду з падземных крыніц.

У 2009 годзе ўлады заяўлялі, што Мінск будзе цалкам пераведзены на артэзіянскую ваду да 2015 года.

Падзяліцца: