Мінск 02:14

Мытнікі канфіскавалі ў перавозчыка з Літвы 11 тыс. незадэклараваных пачкаў кавы і каробак слодычаў

Фота: ДПК

10 студзеня, Позірк. Літоўскі грузавы перавозчык спрабаваў перамясціць праз мытную мяжу без дэкларавання прадукты харчавання коштам 250 тыс. рублёў, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

“Назва прадукцыі, пазначанай у таварасуправаджальных дакументах, супала з фактычна наяўнай у транспартным сродку IVECO, а вось яе колькасць — не”, — гаворыцца ў рэлізе.

На пункце пропуску Беняконі (Гродзенская вобласць), пры правядзенні “дадатковых форм кантролю” ў грузавіку знойдзена 11 тыс. адзінак незадэклараваных пачкаў кавы і каробак з кандытарскімі вырабамі.

“У гэтым выпадку недакладныя звесткі аб грузе маглі стаць падставай для заніжэння памеру сплаты мытных плацяжоў на суму больш за 55 тыс. рублёў”, — зазначае ведамства.

Па гэтым факце Гродзенскай рэгіянальнай мытняй распачаты адміністрацыйны працэс паводле ч. 1 арт. 15.5 (недэклараванне або прадстаўленне недакладных звестак аб таварах) КаАП, які прадугледжвае штраф да 30% ад кошту прадмета парушэння.

Падзяліцца: