Мінск 14:51

Суд у Варшаве выдаў еўрапейскі ордар на арышт польскага экс-суддзі Шмыта, што ўцёк у Беларусь

Архіўнае фота з тэлеграм-канала Шмыта

11 студзеня, Позірк. На арышт польскага экс-суддзі Томаша Шмыта, які ўцёк у Беларусь, выдадзены еўрапейскі ордар, вынікае з апублікаванай 10 студзеня інфармацыі рэгіянальнай пракуратуры ў Вроцлаве, на чый запыт акруговы суд у Варшаве 13 снежня 2024 года прыняў адпаведнае рашэнне.

Еўрапейскі ордар на арышт дзейнічае толькі на тэрыторыі дзяржаў, што ўваходзяць у Еўрасаюз, гэта значыць ён не будзе мець рэальнай моцы, пакуль перабежчык не перасячэ мяжу адной з краін ЕС.

Адзначаецца, што ордар выдадзены ў рамках “так званай хэйтарскай афёры”. Шмыт падазраецца ў “здзяйсненні злачынстваў у рамках арганізаванай злачыннай групы, члены якой дзейнічалі на шкоду суддзям агульных судоў”. “Злачынствы, у якіх абвінавачваецца падазраваны, уключаюць неправамерную апрацоўку персанальных звестак пацярпелых шляхам іх раскрыцця і перадачы іншым асобам”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Еўрапейскі ордар на арышт выдадзены ў сувязі з высветленым фактам, што падазраваны не знаходзіцца на тэрыторыі краіны, і ўсеагульныя пошукі не прывялі да яго затрымання, а таксама ёсць апаска, што ён можа паспрабаваць уехаць на тэрыторыю Еўрасаюза”, — адзначае пракуратура.

Наглядны орган паведаміў, што Шмыт “адшукваецца з 9 верасня 2024 года на падставе ордара, выдадзенага рэгіянальнай пракуратурай у Вроцлаве, пасля прымянення да яго раённым судом Вроцлаў-Сярэдмесця меры стрымання ў выглядзе часовага арышту на тэрмін 30 дзён ад моманту затрымання”.

Раней пракуратура паведамляла, што 30 жніўня вышэйзгаданы суд “прымяніў часовы арышт у дачыненні да былога суддзі” Шмыта, “падазраванага ў здзяйсненні злачынстваў у рамках арганізаванай злачыннай групы, члены якой з выкарыстаннем займаных пасад у судовай сістэме ўчынялі злачынствы, звязаныя з неправамернай апрацоўкай персанальных звестак суддзяў, што ўтрымліваюцца ў розных службовых дакументах”.

“Яны таксама раскрывалі несанкцыянаваным асобам інфармацыю, атрыманую падчас службовых абавязкаў, у тым ліку перадавалі журналістам для публікацыі, размяшчалі абразлівыя і паклёпніцкія матэрыялы ў сацыяльных сетках. Часовы арышт выкарыстаны з неабходнасцю абвяшчэння ў вышук падазраванага Томаша Ш.”, — гаварылася ў заяве.

Пра тое, што суддзя 2-га аддзялення Ваяводскага адміністрацыйнага суда Варшавы Томаш Шмыт уцёк у Беларусь, стала вядома 6 траўня 2024 года з паведамлення тэлеграм-канала, створанага за тры дні да таго ад яго імя на польскай і рускай мовах. У ім сцвярджалася, што мужчына вымушана пакінуў Польшчу “з прычыны нязгоды з палітыкай і дзеяннямі ўладаў”. Ён нібыта “зазнаваў пераслед і пагрозы за самастойную палітычную пазіцыю”.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў 7 траўня, што спецслужбы Беларусі даўно працавалі з Шмытам, яго стасункі з беларусамі “маюць даўнюю гісторыю”, гэта не справа “апошніх месяцаў”.

9 траўня Шмыт быў звольнены Вышэйшым адміністрацыйным судом на падставе яго заявы. Нацыянальная пракуратура Польшчы пачала расследаванне.

4 чэрвеня стала вядома, што Шмыт не будзе ўключаны ў спіс асоб, якія адшукваюцца Інтэрполам з “чырвоным апавяшчэннем”. Паводле інфармацыі прэс-сакратара Галоўнага ўпраўлення паліцыі Польшчы Катажыны Новак, гэта звязана з тым, што Інтэрпол “не дазваляе перадаваць па сваіх каналах даныя наконт дзеянняў супраць бяспекі дзяржавы, якія вызначаюцца як палітычныя злачынствы”. Да такіх дзеянняў, адзначыла Новак, Інтэрпол адносіць шпіянаж.

10 чэрвеня польскае медыя RMF FM паведаміла, што акруговы суд у Варшаве выдаў еўрапейскі ордар на арышт Шмыдта па справе, у рамках якой ён абвінавачваецца ў шпіянажы.

Медыя Gazeta Wyborcza са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла 10 кастрычніка, што Мазавецкі ваявода на падставе запыту Нацыянальнай пракуратуры Польшчы ануляваў пашпарт перабежчыка.

22 лістапада стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка даў Шмыдту палітычны прытулак.

Падзяліцца: