Мінск 12:58

За дзесяць дзён студзеня ў Беларусі патанула пяць чалавек

Ілюстрацыйнае фота: Tim Marshall / unsplash.com

11 студзеня, Позірк. За першую дэкаду студзеня 2025 года ў Беларусі патанула пяць чалавек, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз штодзённых зводак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Двое мужчын (1960 і 1965 гадоў нараджэння) загінулі ў Віцебскай вобласці, праваліўшыся пад лёд. Першы выпадак адбыўся 6 студзеня на возеры Коша ў Гарадоцкім раёне, другі — 9 студзеня на возеры Каравайна ў Полацкім раёне.

Жанчына (1959 г.н.) патанула 7 студзеня ў канале Літоўка ў Кобрыне (Брэсцкая вобласць).

Целы двух пенсіянераў (1944 і 1958 г.н.) работнікі МНС дасталі з ваннаў у Мінску 10 студзеня.

За аналагічны перыяд 2024 года было зарэгістравана два выпадкі ўтаплення, абодва ў Брэсцкай вобласці. 3 студзеня мужчына (1963 г.н.) патануў у меліярацыйным канале ў Пінскім раёне, 7 студзеня яшчэ адзін мужчына (таксама 1963 г.н.) загінуў на возеры Дубоўскае ў Ганцавіцкім раёне.

Паводле даных Таварыства ратавання на водах (АСВОД), са студзеня па сярэдзіну кастрычніка 2024 года ў Беларусі патанула 311 чалавек, у тым ліку 20 непаўналетніх.

Падзяліцца: