Мінск 19:54

Комік Камісаранка, музыка Міхалок знаходзяцца ў вышуку — праваабаронцы

Фота на старонцы Камісаранкі ў "Інстаграме"

11 студзеня, Позірк. Стэндап-комік Вячаслаў Камісаранка, музыка Сяргей Міхалок, фатографы Яўген Канаплёў і Юлія Лейдзік, якія жывуць за мяжой, у Беларусі знаходзяцца ў вышуку, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Праваабаронцы звярнулі ўвагу на фатаграфію стэнда “Іх шукае міліцыя” ў мінскай Дзяржаўтаінспекцыі, якую Камісаранка апублікаваў на сваёй старонцы ў “Інстаграме” ўвечары 10 студзеня.

Побач з партрэтным здымкам коміка на стэндзе пазначана прычына знаходжання ў вышуку — арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) і арт. 368 (абраза прэзідэнта) Крымінальнага кодэкса. Варта адзначыць, што 30 снежня 2024 года Мінгарсуд завочна прыгаварыў Камісаранку да 6 гадоў зняволення паводле ч. 2 арт. 367, ч. 1 арт. 368, а таксама ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы).

Міхалок, адзначаюць праваабаронцы, адшукваецца паводле ч. 1 арт. 368, Канаплёў і Лейдзік — паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

“Вясна” адзначае, што на стэндзе таксама змешчаны фатаграфіі “іншых беларусаў, абвінавачаных паводле палітычных артыкулаў”.

Калі была зробленая фатаграфія стэнда, якую даслалі коміку з Беларусі, невядома. Аніводзін са згаданых не фігуруе ў базе вышуку на сайце Міністэрства ўнутраных спраў. Няма іх таксама ў наяўнай у “Медыязоны” базе расійскага МУС, куды час ад часу трапляюць у тым ліку беларускія грамадзяне.

Падзяліцца: