Мінск 13:45

Самалёт “Белавія”, які рухаўся ў Санкт-Пецярбург, вяртаецца ў Мінск праз умовы надвор’я

Ілюстрацыйнае фота: "Белавія"

12 студзеня, Позірк. Аэрапорт Пулкава ў Санкт-Пецярбургу (Расія) паведаміў аб часовым прыпыненні прыёму і адпраўкі самалётаў праз складаныя ўмовы надвор’я.

Адзначаецца, што “на бягучы момант” у аэрапорце вядуцца работы па “ачыстцы ўзлётна-пасадачнай паласы ад снегу”.

“Аднаўленне палётаў чакаецца пасля нармалізацыі ўмоў надвор’я”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі Sputnik, праз метэаўмовы не выкананы рэйс кампаніі “Белавія” Мінск — Санкт-Пецярбург.

Заяўляецца, што самалёт з 90 пасажырамі павінен быў прызямліцца ў Пулкава 12 студзеня, але “вярнуўся на паўдарозе”.

“Далейшыя пытанні з рэйсам <…> будзе вырашаць кампанія “Белавія”, — адзначылі ў Нацыянальным аэрапорце Мінск.

Учора і сёння ў Санкт-Пецярбургу ідзе снег, трымаецца мінусавая тэмпература. Згодна з прагнозам надвор’я, выпадзенне ападкаў спыніцца 12 студзеня.

Выданне “Фантанка” паведамляе, што Санкт-Пецярбург 12 студзеня “абнавіў максімум снежнага покрыва цяперашняй зімы”. Раніцай вышыня покрыва дасягнула 29 сантыметраў. Ранейшы максімум быў зафіксаваны 17 снежня — 20 см.

Падзяліцца: