Мінск 18:16

Палітзняволеная Данута Перадня выйшла на волю па памілаванні

Крыніца: сайт ПЦ "Вясна"

12 студзеня, Позірк. На волю па памілаванні выйшла 22-гадовая палітзняволеная Данута Перадня, паведамляе “Наша Ніва” са спасылкай на даныя ініцыятывы Dissidentby.

Пасля затрымання 28 лютага 2022 года студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта была прыгавораная да 6,5 года пазбаўлення волі паводле ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальным інтарэсам Беларусі) і ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта) Крымінальнага кодэкса.

Падставай для палітычнага пераследу студэнткі стаў рэпост у адным з тэлеграм-чатаў публікацыі з крытыкай Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна за развязванне вайны ва Украіне.

Перадня ўключаная ў спісы асоб, якія маюць дачыненне да “экстрэмісцкай” і “тэрарыстычнай” дзейнасці.

Аб падпісанні ўказа аб памілаванні яшчэ 20 асоб, якія “ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці”, паведаміла 28 снежня прэс-служба Лукашэнкі.

У ліку памілаваных 11 жанчын. У 14 чалавек хранічныя захворванні. Дзеці ёсць у 10 памілаваных (у адной жанчыны чацвёра дзяцей).

Гэта восьмая хваля памілаванняў за апошнія паўгода. У пачатку ліпеня Лукашэнка заявіў аб вызваленні яго “цяжкахворых апанентаў”, пасля чаго стала вядома аб выхадзе на свабоду 18 палітвязняў. Пазней ён падпісаў шэраг указаў аб памілаванні асуджаных за “злачынствы пратэстнай” або “экстрэмісцкай накіраванасці” (паводле ўказа ад 16 жніўня вызвалена 30 чалавек, 4 верасня — 30, 16 верасня — 37, 7 лістапада — 31, 20 лістапада — 32, 9 снежня — 29).

Такім чынам, за гэты час памілавана 227 чалавек.

Разам з тым людзей у краіне па-ранейшаму затрымліваюць па палітычных матывах, суды рэгулярна выносяць прысуды па справах палітычнага характару.

Падзяліцца: