Мінск 17:07

Латушка: Захаванне беларускай меншасцю ў Польшчы роднай мовы і культуры-прыклад для ўсіх беларусаў

14 студзеня, Позірк. Захаванне беларускай меншасцю ў Польшчы беларускай мовы, культуры, шанаванне сваіх каранёў — выдатны прыклад для нас усіх, беларусаў, заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка 13 студзеня падчас наведвання Агульнаадукацыйнага ліцэя ў Гайнаўцы (Падляскае ваяводства).

Як паведамляе прэс-служба палітыка, падчас сустрэчы з дырэктарам ліцэя Ігарам Лукашуком, кіраўніцтвам мясцовага павета, настаўнікамі беларускай мовы і гісторыі, прадстаўнікамі цэнтра беларускай культуры ў Беластоку і арганізацый беларускай меншасці, бацькоў вучняў была абмеркавана падтрымка ўстановы з боку АПК, захаванне і развіццё магчымасцяў для прадстаўнікоў дыяспары ў вывучэнні роднай мовы і захаванні нацыянальных традыцый.

У гайнаўскім ліцэі беларускую мову вывучаюць больш за 300 вучняў, Установа з’яўляецца адной з лепшых у Падляскім ваяводстве і карыстаецца вялікай папулярнасцю для паступлення.

У ліцэі дзейнічаюць беларускія музычныя і тэатральныя калектывы. Ён выкарыстоўвае бел-чырвона-белую сімволіку ў аздабленні памяшканняў навучальнай установы.

У 2024 годзе ўстанова адзначыла 75-годдзе з даты стварэння.

Падзяліцца: