Мінск 21:32

Беларусь і РФ уводзяць абмежаванні на пастаўкі прадукцыі жывёлагадоўлі з Германіі — праз яшчур

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

14 студзеня, Позірк. Беларусь з 15 студзеня ўводзіць абмежаванні на пастаўкі “жывёлагадоўчай прадукцыі нямецкага паходжання”, вынікае з інфармацыі Федэральнай службы Расіі па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд).

Расійскае ведамства заявіла, што “далучаецца да абмежавальных мер Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду” Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі — у сувязі з “рэгістрацыяй ачага яшчуру ў Германіі і ў мэтах прадухілення яго заносу і распаўсюду” ў РФ.

Рассельгаснагляд заклікаў Генеральны дырэктарат Еўрапейскай камісіі па ахове здароўя і бяспекі харчовай прадукцыі (DG SANTE) “правесці ацэнку прынятых мер па кантролі за перамяшчэннем успрымальных жывёл і жывёлагадоўчай прадукцыі”.

“Калі ацэнка дзеянняў DG SANTE не задаволіць расійскі бок, Рассельгаснагляд будзе вымушаны з 20 студзеня 2025 года прыпыніць сертыфікацыю ўсёй жывёлагадоўчай прадукцыі і ўразлівых жывёл, якія перамяшчаюцца з тэрыторыі ЕС у Расію, у тым ліку транзіту такіх тавараў па расійскай тэрыторыі ў трэція краіны”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адметна, што ні беларускі Мінсельгасхарч, ані яго профільны дэпартамент пра рашэнне, звязанае з прадукцыяй з Германіі, не абвяшчалі.

Напрыканцы мінулага тыдня фермер з зямлі Брандэнбург (атачае Берлін), знайшоў мёртвымі трох сваіх вадзяных буйвалаў. Тэсты пацвердзілі яшчур. Рэшту статку забілі; улады зямлі ўвялі трохдзённую забарону на перавозку кароў, свіней, авечак, коз і іншых жывёл. Паводле даных СМІ, апошні раз успышка яшчуру ў Германіі была 35 гадоў назад.

Падзяліцца: