Мінск 01:31

Блізкі беларускі народ, а не краіна пад кантролем Лукашэнкі — кіраўнік МУС Літвы ўдакладніў пазіцыю пасля крытыкі

Уладзіслаў Кандратовіч
Архіўнае фота: Domantas Pipas / Delfi

14 студзеня, Позірк. Кажучы пра культурную блізкасці Беларусі і Літвы, міністр унутраных спраў гэтай балтыйскай дзяржавы Уладзіслаў Кандратовіч меў на ўвазе беларускі народ, а не рэжым у Мінску. Сваю пазіцыю ён удакладніў у размове з медыя 15min.lt.

“Я меў на ўвазе народ, таму што ў мяне пыталіся пра беларусаў, дакладна не пра краіну. Краіна знаходзіцца пад кантролем дыктатара Лукашэнкі, і ніякіх апраўданняў быць не можа”, — прыводзіць пераклад слоў чыноўніка партал навін Delfi.

“Насамрэч тая агульная гісторыя, гісторыя ВКЛ і Рэчы Паспалітай, паказала, што мы можам быць разам з беларускім народам, — заявіў Кандратовіч. — Мы разам некалі перажылі прыгнёт расійскага цара і “чырвонай імперыі”. Сёння на мерапрыемствах (размова запісаная 13 студзеня, калі ў Літве адзначаецца Дзень абаронцаў свабоды. — “Позірк”.) я пачуў добрае назіранне, фразу пра тое, што гісторыя трох паўстанняў надала нам сілы і дух у 1990–1991 гадах, калі мы пайшлі абараняць сваю незалежнасць. Што да паўстанняў, то ў іх таксама бралі ўдзел людзі, якія жывуць у Беларусі. Шкада, што ў іх не атрымалася запаліць полымя свабоды, як гэта атрымалася ў Літвы, але я думаю, што гэта атрымаецца”.

13 студзеня прэм’ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас заявіў журналістам, што ў цяперашнім кантэксце словы Кандратовіча пра блізкасць беларусаў і літоўцаў гучаць “даволі дзіўна”.

“Рэжым [Аляксандра] Лукашэнкі, безумоўна, варожы да Літвы. Аднак, калі мы паглядзім на гісторыю многіх дзесяцігоддзяў, дзе ў Літве была дадатковая іміграцыя, як гэтыя дыяспары адаптаваліся ў Літве, то насамрэч гэта Украіна, Беларусь і нам не варта гэтаму моцна здзіўляцца”, — сказаў кіраўнік урада.

На думку Палуцкаса, іміграцыю ў Літву “неабходна кантраляваць”, таму што ў краіне “ўжо пражываюць 220 тыс. чалавек, якія прыехалі з-за мяжы, што складае 8% усяго насельніцтва краіны”.

У інтэрв’ю тэлеканалу “Настоящее вреия” (“Цяперашні час”), абнародаванаму 12 студзеня, Кандратовіч заявіў, што “ў культурным дачыненні самай блізкай да Літвы краіны з’яўляецца, вядома ж, Беларусь — гэта агульная гісторыя, агульная культура і агульны статус”.

Каментуючы заклікі абмежаваць эканамічную міграцыю з Беларусі, кіраўнік МУС заўважыў, што сямейныя сувязі літоўцаў з беларусамі “вельмі моцныя, у многіх грамадзян Літвы маюцца сваякі ў Беларусі, гэта ўжо гістарычна склалася”. “Гэта гісторыя, якая налічвае шмат стагоддзяў, таму інакш і быць не можа”, — сказаў ён.

Разам з тым чыноўнік лічыць, што іміграцыя з Беларусі “патрабуе дадатковай увагі”.

Паводле апошніх даных, цяпер дазвол на жыхарства ў Літве мае амаль 58 тыс. грамадзян Беларусі.

Ад пачатку 2025 года Літва прадухіліла 16 спробаў парушэння мяжы з беларускай тэрыторыі (9 студзеня — 4, 12-га — 12). У 2024-м гэтая балтыйская дзяржава спыніла 1.002 спробы незаконнага пераходу мяжы з боку Беларусі.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: