Мінск 09:29

Да снежаньскага пакета санкцый ЕС супраць Беларусі далучылася восем дзяржаў

Фота: "Позірк"

14 студзеня, Позірк. Восем дзяржаў далучылася да ўведзеных 16 снежня мінулага года санкцый Еўрасаюза ў адносінах да 26 фізічных і дзвюх юрыдычных асоб з Беларусі, паведаміў 14 студзеня Савет ЕС.

Гэта зрабілі Албанія, Боснія і Герцагавіна, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Украіна і Чарнагорыя.

Канстатуецца, што згаданыя краіны “забяспечаць адпаведнасць сваёй нацыянальнай палітыкі” адпаведнаму рашэнню Савета ЕС.

“Еўрапейскі саюз прымае да ўвагі гэтае абавязацельства і вітае яго”, — адзначаецца ў рэлізе.

Згаданымі беларускімі юрыдычнымі асобамі з’яўляюцца ТАА “Влатэ Лагістык” і ТАА “Рузэкспедыцыя”.

16 фізічных асобаў са спісу з’яўляюцца, як адзначалі ў ЕС, “рознымі прадстаўнікамі судовай улады <…>, якія выносілі палітычна матываваныя прыгаворы”, “начальнікамі і намеснікамі начальнікаў розных папраўчых устаноў (турмаў і СІЗА)”, абмежаванні таксама ўведзены супраць “начальніка медсанчасткі адной з гэтых установаў, дзе шэраг палітвязняў утрымліваецца ў нечалавечых умовах і зазнае здзекі”.

Таксама пад санкцыі ЕС (а зараз і згаданых васьмі краін) трапілі старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў і дзевяць бізнесменаў, пяцёра з іх маюць дачыненне да згаданых юрыдычных асоб.

Пасля рашэння Савета ЕС ад 16 снежня 2024 года пад еўрапейскімі санкцыямі знаходзяцца 287 фізічных і 40 юрыдычных беларускіх асобаў.

23 снежня мінулага года пра далучэнне да прынятых 16 снежня санкцый заявіла таксама Швейцарыя.

Падзяліцца: