Мінск 10:08

Лукашэнка прыраўняў прыватныя гандлёвыя кампаніі да дзяржаўных і паабяцаў іх “кантраляваць і накіроўваць”

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

14 студзеня, Позірк. Улады будуць прыватныя гандлёвыя прадпрыемствы “кантраляваць і накіроўваць іх працу так, як і прамысловыя”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 14 студзеня падчас прызначэння міністраў антыманапольнага рэгулявання і гандлю, а таксама па падатках і зборах.

“Тут не можа быць ніякіх ваганняў, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Усе яны дзяржаўныя прадпрыемствы, бо знаходзяцца на тэрыторыі нашай дзяржавы і абслугоўваюць наша насельніцтва”.

Ён назваў МАРГ “вельмі важным” ведамствам, бо яно займаецца “выпрацоўкай той формулы цэнаўтварэння”, паводле якой “будзем працаваць”. “Досведу ў сусветнай практыцы такога няма”, — дадаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, адказным ва ўрадзе за дзяржаўнае рэгуляванне цэн з’яўляецца першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў, які “ў бліжэйшы час” павінен “унесці канкрэтныя прапановы”.

“Ваша задача — вывучыць досвед савецкага гандлю і зрабіць усё, каб на прылаўках быў асартыментны пералік тавараў, — звярнуўся ён да новага кіраўніка МАРГ Артура Карповіча. — Як спецыяліст вы разумееце, пра што я кажу. І каб цэны ні ў якім выпадку не скакалі, асабліва ўверх. Гэта вы павінны бачыць у аб’ектах гандлю — у крамах. Не важна, якой яны ўласнасці — дзяржаўныя ці прыватныя”.

Падатковую сістэму ён назваў “больш-менш стабільнай”. Новага міністра па падатках і зборах Дзмітрыя Кійко прамоўца арыентаваў на тое, каб той “не хварэў і не пакутаваў ад залішніх рынкавых катэгорый”.

“Нам патрэбна нармальнае жыццё і нармальная праца прадпрыемстваў, — сказаў Лукашэнка. — Ад падаткаабкладання залежыць шмат, калі часам не ўсё. Таму паглядзіце свежым поглядам, прааналізуйце нашу падатковую сістэму. І наўпрост унясіце прапановы і свае заўвагі, калі нам трэба дзесьці штосьці зрабіць. Важнейшы кірунак працы”.

Ён падкрэсліў, што падатковая сістэма павінна быць “справядлівай”. “Не скажу, што ў нас усё справядліва. Паглядзіце льготы, якімі мы абклалі (у двукоссі) шматлікія прадпрыемствы, якія гэтыя льготы не павінны мець. Дый насельніцтва. Той, хто павінен мець падтрымку і льготы, той павінен іх мець. Хто не, значыць, не. Павінен працаваць, старацца і падтрымліваць дзяржаву. Нам гэта цяпер вельмі патрэбна. Па ўсіх напрамках», — рэзюмаваў Лукашэнка.

Урад рыхтуе тры варыянты трансфармацыі сваёй пастановы № 713 ад 19 кастрычніка 2022 года — “ад найбольш жорсткага да, так бы мовіць, больш ліберальнага”, заявіў 30 снежня ў эфіры тэлеканала СТБ тагачасны міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў (14 студзеня Лукашэнка прызначыў яго амбасадарам у Казахстане).

Наведваючы 30 снежня новы ўчастак трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна, Лукашэнка анансаваў на пачатак студзеня нараду з урадам па “выпрацоўцы справядлівага цэнаўтварэння”.

“Не стрымліванню цэн будзе [прысвечана], — сказаў ён. — Можа, нават не рэгуляванне цэн. Але павінна быць формула цэнаўтварэння ў Беларусі, каб не было так, як раней: чалавек не паспеў зарплату атрымаць — а цэны ўжо дзесьці выраслі. Гэтага быць не павінна”.

Падзяліцца: